Бортніцтва на Беларусі: узнікненне, развіццё, упадак і занядбанне

Бортніцтва — старажытны промысел і першасная форма культурнага пчалярства — заснавана на ўтрыманні і развядзенні пчол у борцях, прыстасаваных для гэтай мэты натуральных ці знарок выдзеўбаных штучных дуплах у дрэвах.

Гэты промысел развіўся з так званага дзікага пчалярства, пры якім з кубла, выпадкова знойдзенага ў дупле дрэва, а то і проста на зямлі, забіралі часцяком увесь мёд, папярэдне знішчыўшы агнём і дымам сям’ю крылатых працаўніц. У час пошуку салодкай здабычы наш далёкі продак арыентаваўся па шэрагу вядомых яму прыкмет. Адной з іх былі дрывесныя грыбы, наросты якіх часцей за ўсё сустракаліся на кары дуплістых дрэў. Верагодна, да таго далёкага часу і стасуецца прымаўка: «Не пагнётшы пчалы, мёду не з’ясі».

Бортніцтва: узнікненне

Пазней пошук баровак (лясных пчол) стаў больш мэтаскіраваным і ўсвядомленым актам дзейнасці чалавека. Калі раней ён задавальняўся незнарок знойдзеным мёдам, дык цяпер ішоў па іх у лес, як на паляванне. Ён ужо не блукаў усляпую сярод магутных дрэў, выглядваючы ці не кружацца дзесьці ў іх кронах пчолы. Цяпер дастаткова было ўбачыць пералётных з кветкі на кветку пчалiн, каб вызначыць накірунак пошуку. Кавалачак мёду ў сотах у невялікай берасцянай скарыначцы клалі на зямлю. Пчолы, як зазвычай, неўзабаве выяўлялі прынаду і, пераносячы мёд у сваё жытло, прыводзілі да яго здабытчыка. Як бачым, тут прысутнічаюць самыя сапраўдныя чыннікі паляўніцтва — выкарыстанне прынады і высочванне

Дзікае пчалярства хутчэй за ўсё было спадарожным заняткам качавых плямён, якія доўга не затрымліваліся на адным месцы. Спажыўшы паляўнічыя і кармавыя выгоды аднаго раёна, яны перабіраліся ў іншы. Вядома, такі лад жыцця не спрыяў ні ўзнікненню бортніцтва як усталяванай формы ляснога промыслу, ні правядзенню сістэмных назіранняў, без пэўнай сумы якіх немагчыма ніякае абагульненне. Тым не менш назапашваўся нейкі досвед, і аднойчы чалавек зразумеў, што, калі не нішчыць пчол, да таго ж і не забіраць у іх увесь мёд, ён здолее з нашмат меншымі затратамі часу і працы атрымліваць мёд з аднаго дупла на працягу некалькіх гадоў. Гэтае адкрыццё і стала кропкай адліку гісторыі бортніцтва і пачаткам ператварэння ласага на мёд паляўнічага ў свядомага пчаляра — бортніка (бартнік, барцялаз).

Пільна сочачы за звычкамі пчол, людзі ўлавілі пэўныя біялагічныя заканамернасці ў іх жыцці. Так, адкрыццё раення — вылету адасобленага ад мацярынскай сям’і рою — падштурхнула чалавека да думкі завабліваць раі спачатку ў недалёкія ад яго жытла натуральныя, а потым і ў выдзеўбаныя ў жывых дрэвах дуплы. Такі пераход здзяйсняўся не адразу. Яму папярэднічаў працяглы перыяд, на працягу якога паляванне на мёд спалучалася з першымі спробамі захавання пчол у натуральных дуплах.

Бортніцтва: развіццё

Бортніцтва

Станаўленне бортніцтва мела эвалюцыйны характар і расцягнулася на некалькі стагоддзяў. Афармленне бортніцтва ў самастойны лад гаспадарчай дзейнасці чалавека завяршылася яшчэ да пераходу да земляробства ці непасрэдна папярэднічала яму. На тэрыторыі сучаснай Беларусі насельніцтва займалася земляробствам ужо ў I стагоддзі нашай эры.

Як самастойны лад пчалярскага промыслу бортніцтва прайшло ў сваім развіцці тры асноўныя этапы:
1. Ахова і догляд дзікіх пчол, якія самі пасяляліся ў натуральных дуплах.
2. Утрыманне асаджаных чалавекам раёў у загадзя падрыхтаваных прыродных дуплах.
3. Развядзенне і ўтрыманне пчол у знарок выдзеўбаных дуплах, то бок у борцях.

Канчатковы пераход да класічнага бортніцтва, якім яно стала ў перыяд росквіту (Х—ХІІ стагоддзі), здзейсніўся ў раннім жалезным веку (7—6 стагоддзі да н. э.). Без жалезнага прыладдзя наўрад ці можна было выдзеўбаць борць у ствале хвоі, а тым больш дубу. Каменная сякера і цясло прыдатныя былі толькі для прыстасавання натуральных дуплаў, іх ачышчэння найперш ад дрывеснай трухля- ціны.

З часам выпрацавалася больш дасканалая тэхніка вырабу борцяў, спосабы заваблівання пчол і прыёмы іх догляду, узніклі адмысловыя прылады працы і прыстасаванні. Вядомае ў Х стагоддзі бортнае начынне дайшло да нашых дзён без істотных канструктыўных зменаў. Знойдзеныя ў пахаваннях жалезныя нажы-мёдарэзы па знешнім выглядзе мала чым адрозніваюцца ад падобных пчалярскіх інструментаў першай паловы ХХ стагоддзя.

Шматвяковая практыка ўтрымання пчол дазволіла славянам нашмат раней за заходнееўрапейцаў раскрыць асобныя загадкі пчалінага рою і выпрацаваць шэраг рацыянальных прыёмаў пчалярства.

Штучнае вывядзенне матак было вядома славянам, калі нават меркаваць толькі па пісьмовых крыніцах, у першай палове ХV стагоддзя.

Аднак да сённяшняга часу першаадкрывальнікам гэтага спосабу чамусьці лічыцца нямецкі пчаляр Шырах, які абнародаваў яго толькі ў канцы XVIII стагоддзя.

Развіццю бортніцтва ў Беларусі спрыялі вялікія масівы дрымучых лясоў і пушчаў, густа зарослых верасам, чарнічнікам, маліннікам і іншымі меданоснымі раслінамі. Па берагах рэк, азёр, балот непралазнай сцяною раслі лаза, вербы, на ўзлесках — арэшнік. Нават у ХV—ХVІ стагоддзях вялізныя абшары былі яшчэ не абжытыя, а шмат дзе ўвогуле не ступала нага чалавека. Піянерамі абжывання неасвоеных земляў былі бортнікі. У пошуках прыдатных мясцін для пчалярства яны заўсёды ішлі наперадзе земляробаў.

 Бортніцтва пакінула глыбокі след у метрычнай сістэме беларусаў. Да цяперашняга часу яшчэ бытуюць даўнія адзінкі мер мёду і назваў посуду для яго захавання: «ліпаўка», «кадоўб», «кадоўбчык», «ліпечня», «берасцень», «кузьня», «ручка» і іншыя.

Бортніцтва: упадак

БортніцтваДа XVII стагоддзя ўжо выяўляюцца прыкметы ўпадку бортніцтва як ляснога промыслу, а ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя яно страчвае сваё былое гаспадарчае значэнне. Адной з асноўных прычын рэзкага ўпадку бортніцтва з’явілася антрапагеннае ўздзеянне на прыроду, што спакваля набiрала моцы. Асабліва адмоўны ўплыў наносіла драпежнае вынішчэнне лясоў. Лес для земляўласнікаў, асабліва буйнымі магнатамі, быў адной з істотных крыніц прыбытку.

Не лічачыся ні з чым, акрамя сваіх асабістых інтарэсаў, яны распрадавалі яго літаральна на корані. Лепшыя гатункі лесу ў выглядзе будаўнічых, карабельных і бондарных матэрыялаў няспынным цягам сплаўлялі па рэках у парты Прыбалтыкі, а адтуль вывозілі амаль ва ўсе краіны Заходняй Еўропы. Лясныя распрацоўкі асабліва шырока разгарнуліся ў 30-я гады ХVІІІ стагоддзя. Апрача гэтага, у ХVІІІ стагоддзі набылі распаўсюд лесахімічныя промыслы: вытворчасць поташа і ордаша, выраб смальчугі, гонка дзёгцю, нарыхтоўка смалы-жывіцы, дравеснага вугалю, шкіпінару і гэтак далей. Лясныя масівы катастрафічна скарачаліся, высечкі зарасталі нізкагатункавымі пародамі дрэў — асінай, бярозай, кустоўём.

Будаўніцтва чыгунак таксама выклікала досыць інтэнсіўную высечку лесу, асабліва шмат знішчана яго ў 1863 годзе пры ачыстцы прылеглых да чыгуначных калей тэрыторый. Лес высякаўся вакол станцый і паабапал чыгункі. Раскарчоўка высечак і разворванне лядаў вялі да ўзнікнення новых так званых расцяробных пасяленняў, што таксама скарачала бортныя выгоды.

Магнаты імкнуліся да расшырэння пасяўных плошчаў: яны прываблівалі сялян збоку, даючы ім розныя ільготы. Аднак мужыкі, як прышлыя, так і тутэйшыя, ахвотней расцярэблівалі лес пад ворыва, чым бралі абложныя землі, бо вызваляліся ад усіх павіннасцей на больш працяглыя тэрміны. У выніку абжывання новых аблог у Беларусі ўзнікла вялікая колькасць новых паселішчаў. Невялікія — у некалькі, а часцяком і ў адзін двор — яны досыць шчыльнай сеткай аперазалі ў канцы ХVІІІ стагоддзя тэрыторыю Беларусі.

Бортніцтва

Ды не адны толькі змены экалагічнай абстаноўкі, выкліканыя масавым вынішчэннем лясоў, згубна адбіліся на бортніцтве. Агульнаму працэсу занядбання ў прыватнасці і ўсяго пчалярства ў цэлым, паспрыялі частыя войны. Акупацыйныя войскі паўсюль займаліся рабаўніцтвам, усе пасекі ў большасці паветаў былі знішчаныя. Нягледзячы на тое, што борці знаходзіліся ў лесе і не кожны мог узабрацца па гладкім ствале на вышыню 6—15 метраў, пацярпелі бортныя пасекі. Разарэннем борцяў займаліся не толькі ворагі, але і войска Вялікага Княства Літоўскага. Пры адсутнасці прыстасаванняў для пад’ёму на дрэва яго проста ссякалі. Рабаўніцтва борцяў набыло такі масавы характар, што соймы многіх беларускіх гарадоў вымушаны былі ўключаць у вайсковыя статуты адмысловыя артыкулы, якія прадбачвалі смяротнае пакаранне за знішчэнне бортных дрэў.

Бортніцтва: занядбанне

Да ўсіх бядот трэба зазначыць, што і само па сабе бортніцтва несла перадумовы будучага занядбання. Сутнасць разбойнай сістэмы пчалярства заключалася ў тым, што восенню ў пчол забіралі ўвесь мёд, а сем’і, зазвычай самыя моцныя знішчалі. На зіму заставаліся слабыя, частка з іх гінула ад нястачы харчу. Натуральна, такое становішча, паўтараючыся з веку ў век, вяло да аслаблення тутэйшай папуляцыі бортных пчол. Яны выраджаліся, страчвалі ўласцівыя бароўкам якасці, змяншалася іх агульная колькасць. З кожным годам станавілася цяжэй засяляць разрабаваныя самім бортнікам борці.

Адмоўны ўплыў на развіццё пчалінай сям’і ў борці аказвала ніжняя падрэзка сотаў. Пчол прымушалі закладваць расплод у старых сотах, у той час як бароўкі ў натуральных умовах дзеля гэтай мэты заўсёды выкарыстоўваюць новыя.

Апошні ўдар па бортніцтве нанёс імпарт так званых каланіяльных тавараў — цукру, віна, гарэлкі, якія падарвалі манапольнае становішча мёду як адзінай слодычы і сырцу для вырабу хмельных напояў. А ў выніку з’яўлення газы знізілася значэнне воску, як распаўсюджанага сродку асвятлення. Здабываць мёд стала менш выгодна, бо на яго ўпалі кошты. Яны былі такія нізкія, што не апраўдвалася праца і выдаткі па доглядзе і ўтрыманні пчол.

Ніхто ўжо не мог спыніць павольнага, але няўхільнага працэсу змізарнення колішняй бортняй славы. Неўзабаве, каб задаволіць усе патрэбы краіны ў воску, давялося завозіць яго з-за мяжы. У Беларусі бортніцтва, як чыста рэліктавая з’ява, у адзінкавых выпадках датрывала да нашага часу.

Бортныя дрэвы, як маўклівыя помнікі даўняга высакароднага ляснога промыслу, якім больш за тысячу гадоў займаліся нашыя дзяды-прадзеды і іх прашчуры, яшчэ і сёння можна сустрэць у розных кутках Беларусі.

Матэрыял узяты з кнігі «Радавод сонечнага племені» (аўтары: У.С. Гуркоў, С.Ф. Цярохін, пераклад: Яўген Лецкі).