Ці баяцца пчолы маразоў? Аспекты зімоўкі пчол.

Пчолы ратуюцца ад холаду і маразоў у сваім гняздзе, дзе яны яшчэ з восені збіраюцца ў клуб. Гэты клуб не распадаецца ўсю зіму, складаецца звычайна з 30-35 тысяч пчол. Такая навала насякомых дазваляе ім прасцей зберагаць цяпло, якое яны вылучаюць. У сярэдзіне клуба тэмпература заўсёды бывае вышэй, чым на яго паверхні. Азяблыя пчолы з паверхні клубу праціскаюцца ў сярэдзіну пагрэцца, а на іх месца прыходзяць іншыя, якія пабывалі ў цяпле. І так пчолачкі грэюцца ўсю зіму, змяняючы адна адну.

Клуб пчол

Цела ў пчалы густа пакрытае валасінкамі. І таму клуб пчол падобны на вялікі валасяны шар. Паміж мноствам валасінак знаходзіцца паветра. Яно, як падвойныя аконныя рамы, надзейна ўтрымлівае цяпло ў клубе і не прапускае ў яго холад.

Валасатая пчала

Звонку пчолы шчыльна прыціскаюцца адна да адной. Гэта дапамагае ім затрымліваць холад і не пускаць яго ўнутр клуба. «Скарынка» клуба ў моцныя маразы бывае таўшчынёй 7-8 сантыметраў. З пацяпленнем яна памяншаецца да 2-3 сантыметраў.

Клуб пчол

Сам клуб пчол таксама мяняецца час ад часу. У моцныя халады ён сціскаецца, робіцца шчыльней, а з павышэннем тэмпературы павялічваецца ў аб’ёме, робіцца больш «рыхлым».

Мароз, як бачым, пчолам не страшны, і баяцца, што пчолы замёрзнуць, не варта. Яны цудоўна зімуюць і ў дуплах, і ў вуллях нават у трыццаціградусныя маразы. Вымярзаюць сады, трэскаюцца дрэвы, калеюць птушкі, а пчолы застаюцца жывымі. Знаходзячыся ў клубе, яны як бы ізалююцца ад холаду.

Раней думалі, што чым таўсцей вуллі, тым цяплей пчолам. Пчаляры рабілі таўшчэзныя непад’ёмныя грабы, што з’яўлялася абсалютным непатрэбным як для саміх пчол, так і для пчаляра.

Зараз вуллі сталі рабіць з дошак таўшчынёй 20-25 міліметраў. Гэтыя вуллі лепш для пчол, бо хутчэй выграваюцца вясновым сонцам і спрыяюць раннім аблётам.

Пчаляры ўмоўна падзяляюцца на два лагеры:

  • Тыя, хто дадаткова ўцяпляюць на зіму вуллі. Укладваюць падушкі зверху і па-баках, і нават абкручваюць вулей звонку поліэтыленавай плёнкай.
  • Тыя, хто пакідае зімаваць пчол ў больш халодных умовах, але абавязкова з добрай вентыляцыяй (напрыклад, з сеткавым дном).

Плюсы і мінусы таго ці іншага спосабу мы разгледзім у іншым артыкуле. Але ад сябе адзначу 100% ісціну:

пчолы холаду не баяцца, а баяцца вільгаці.

Каб пераканацца ў бясстрашшы пчолаў перад маразамі, раю пазнаёміцца з наступным відэа. Пчаляр дзеля эксперыменту пакінуў зімаваць пчол увогуле без вулля, і глядзіце, што з гэтага атрымалася:

Нашмат цяжэй пчолы пераносяць вільгаць

Чаму бывае вільготна ў гнёздах (вуллях)? Пчолы, з’еўшы кілаграм мёду, вылучаюць амаль літр вады. А за зіму яны з’ядаюць 8-10 кілаграмаў мёду. Калі паветра ў вуллі застойваецца (што бывае пры недастатковай вентыляцыі) то яно перанасычаецца вільгаццю, якая асядае на сценках, рамках і сотах.

зацвітаюць сотыКалі ў вуллі мокра, клуб хутчэй астывае, чым пры сухім марозным паветры. На аднаўленне цяпла пчолы затрачваюць шмат сіл і корму. Але гэта яшчэ не ўсё. Мёд, валодаючы ўласцівасцю гіграскапічнасці, убірае ў сябе вільгаць з паветра і разрэджваецца. Воднасць яго падвышаецца ў два-тры разы, ён псуецца. Ад вільгаці зацвітаюць соты, закісае пярга.

Спажыванне недабраякаснага корму раздражняе стрававальную сістэму пчол, знясільвае і аслабляе іх, прыводзіць да паносу. Пчолы пачынаюць хварэць на кішачныя хваробы. Многія гінуць.

Каб вільгаць ў вуллі не назапашвалася, патрэбна добрая вентыляцыя. Для гэтага ўсю зіму трымаюць адкрытымі на ўсю шырыню ніжні і верхні ляткі. Акрамя таго, паветра павінна праходзіць скрозь верхняе ўцяпленне. Ніякага бакавога ўцяплення ўжываць нельга. Яно затрымлівае вільгаць. Некаторыя пчаляры паспяхова выкарыстоўваюць для зімоўкі сеткаванае дно. То бок, па сутнасці, пчолы зімуюць увогуле без дна (гэта значыць на марозе).

Пчолы створаны прыродай для жыцця на волі на працягу ўсяго году. Толькі ўздзеянне суровага навакольнага асяроддзя дапамагло ім выпрацаваць такую цудоўную форму прыстасавання да нізкіх тэмператур, як зімовы клуб. Калі маецца ўдосталь ежы і добрая вентыляцыя, то аніякія нізкія тэмпературы (якія бываюць у Беларусі) пчолам не страшныя. Маразоў баяцца пчаляры, а не пчолы :)