Ціхая змена маткі: што гэта такое?

Пчаліная матка, як вядома, адна ў паўнавартаснай пчалінай сям’і. У сям’і не можа быць дзве маткі (або некалькі). Гэта адзіная асобіна ў пчалінай сям’і жаночага полу з развітымі палавымі органамі. Пражыць яна можа ажно да 5-6 гадоў (пры ўмовах, якія не пагражаюць яе жыццю і здароўю). Калі матка па якіх-небудзь прычынах не задавальняе пчол — яны яе змяняюць. Як?

Пчала, матка, труцень

  1. У прыродзе пчолы мяняюць матак як шляхам раення, калі старая матка выходзіць з вулля разам з роем-першаком.
  2. Таксама пчолы мяняюць матак  шляхам, так званай, ціхай змены маткі, калі яна забіваецца пчоламі проста ў вуллі.

Прычын, па якіх пчолы вырашаюць змяніць матку, некалькі. Адзначу асноўныя:

  • Хвароба старой маткі.
  • Фізічнае пашкоджанне маткі.
  • Змена маткі “па выслузе гадоў”.
  • Несумяшчальнасць пароды.
Ціхая змена маткі — цалкам натуральны працэс

Пчолы самі мяняюць хворую, пакалечаную або старую матку на новую. Усвядоміўшы, што старая матка больш не задавальняе пчол, яны закладваюць матачнік на аснове яйка, адкладзенага маткай не ў пчалінае вочка (як звычайна), а ў загадзя падрыхтаваную для гэтага місачку. Часам гэта могуць быць некалькі матачнікаў, але часцей за ўсё адзіны.

Ціхая змена маткі

Пасля з’яўлення ў вуллі новай маткі ў сям’і некаторы час жывуць дзве маткі адначасова. Падчас аблёту маладой, старая матка працягвае засеў і пчолы яе не чапаюць, але калі маладая вяртаецца ў вулей пасля ўдалага аблёту, то старую матку пчолы пачынаюць паціху душыць. А задушыўшы зусім, выкідаюць з вулля. Далей працу ў сям’і працягвае маладая матка. Так адбываецца ў ідэале.

На практыцы ж часам бывае інакш. Часам старую матку пчолы забіваюць яшчэ да таго, як абляціцца маладая няплодная матка. А апошняя, нажаль, можа і не вярнуцца з аблёту (загінула, птушкі задзяўблі і інш.). Адкрытага расплоду да таго часу ў вуллі ўжо няма і сям’я не здольная вывесці сабе новую матку. У такім выпадку пчолы ператвараюцца ў пчол-трутнёвак, і калі пчаляр своечасова не выправіць такую сям’ю, то яна асуджаная на пагібель.

Ціхая змена маткі

Ціхая змена маткі на ўласным вопыце

Распавяду аб ціхай змене маткі, сведкам якой быў у тым годзе. Праводзячы вясновую рэвізію ў адной сям’і выявіў старую матку — крылцы патрапаныя, сама ўся чорная (без валасінак), як пчала-зладзейка. Думаў яе замяніць на маладую, але не паспеў. Праз некалькі дзён чарговы агляд паказаў, што ў сям’і з’явіўся адзін адзіны матачнік.

Нявопытныя пчаляры часам блытаюць гэта з раеннем і матачнік адразу выдаляюць.

Ці ж, наадварот, выяўляючы ў вуллі свішчавыя матачнікі (адцягненыя пчоламі са стандартнай пчалінай ячэйкі, а не з місачкі) пчаляр пакідае іх, наіўна мяркуючы, што ў сям’і ідзе падрыхтоўка да ціхай змены маткі.

Свішчавыя матачнікі.
Свішчавыя матачнікі. Матка з такога матачкіку будзе непаўнавартаснай, у яе нізкая яйканоскасць.

У мяне не быў свішчавы матачнік, а менавіта добры вялікі матачнік у самым нізе рамкі. Карацей, дзеля эксперыменту я не стаў нічога выдаляць. Дык вось, праз некалькі дзён праверыў: матачнік пусты — матка выйшла. Потым з’явіўся свежы засеў — дакладная прыкмета таго, што матка апладнілася.

У мяне быў менавіта той выпадак, калі пчолы забілі старую матку яшчэ да таго, як абляціцца маладая. Адзіны мінус такога варыянту ціхай змены маткі — згублены час. Пакуль маладая матка выйдзе з матачніка, пакуль абляціцца, пакуль аплодніцца … час та ідзе. Таму мая вам парада — лепш загадзя мяняць старую матку на новую.