Дэсерт з мёдам, малаком і насеннем chea

Па памерах насенне Чыа (chea ці Шалфей Гішпанскі) малюсенькае, трошкі больш за мак. Але варта гэтым бубачкам пастаяць у любой (!) вадкасці 10 хвілін – ноч, як з імі можна тварыць сапраўдныя цуды.

Трошкі сціпла пра chea

Радзіма расліны — Цэнтральная і Паўднёвая Мексіка, а таксама Гватэмала, дзе яна расце на вышынях 1800-2600 м над узроўнем мора. Насенне chea традыцыйна ўжываецца ў ежу жыхарамі краін Лацінскай Амерыкі (асабліва Мексікі), а таксама на паўднёвым захадзе ЗША.  У насенні chea ўтрымліваецца звыш 20% бялку, 25% клятчаткі і 34% алею. Насенне chea ўяўляе сабой сапраўды унікальны суперфуд.

nasiennie-chea
Смачны дэсерт з мёдам і chea

Вось вам рэцэпт, які ў вас атрымаецца без асаблівай падрыхтоўкі і з першага разу. Гэты дэсерт з мёдам, дарэчы, без цукру, без глютену і без лактозы, для каго гэта важна.

— 3 сталовыя лыжкі сухога насення chea;

— 2/3 кубка какосавага малака (або звычайнага малака, або можна нават вадкага ёгурта);

— 2 сталовыя лыжкі мёду;

— 1 гарбатная лыжка кунжутавай пасты тахіні (можна замяніць арахісавым маслам);

— Жменя здробненых арэхаў  (у дадзеным выпадку кеш’ю), можна яшчэ пасыпаць ягадамі, калі лета;

— 1 банан (пюрэ, выкарыстоўвайце блэндар);

— Сок паловы апельсіна;

— Трохі семак гарбуза і мята для ўпрыгожвання.

Чатыры апошнія інгрэдыенты ў дэсерт лепш дадаць ужо раніцай, каб яны былі свежымі і каб сумесь ўжо ператварылася ў пудынг.

Але на самой справе змешвайце ўсё прыблізна, на свой густ і смак, асабліва, калі вы ўжо зразумелі канцэпцыю і прыкладна ведаеце, на колькі павялічыцца аб’ём. Прапорцыі, у выніку, выдумляйце таксама самі. Галоўнае — вельмі добра змяшаць, каб усе інгрэдыенты размяшаліся раўнамерна. Ставім у халадзільнік на ноч — раніцай вельмі пажыўны дэсерт з мёдам гатовы!

Такі сняданак не толькі смачны, але і карысны. Насенне chea спрыяе павышэнню фізічнай трываласці і паляпшэнню агульнага стану здароўя арганізма.  Гэта цудоўная крыніца антыаксідантаў,  кальцыя, кіслот амега-3 і амега-6, якія павінны прысутнічаць у рацыёне штодня. Гэты смачны дэсерт, у якім спалучаецца малако + мёд, комплексна ўплывае на ўмацаванне і аздараўленне арганізму.

Смачна есці!

Рэцэпт узяты з сайту kryscina.com