Дзьмухавец: сонейка на ножцы як меданос і пылканос

Дзьмухавец — добры вясновы пылканос і меданос, дае пчолам падтрымліваючы ўзятак на працягу 10-15 дзён. Мёд з нектару дзьмухаўцоў залаціста-жоўтага або цёмна-бурштынавага колеру, даволі густой кансістэнцыі, з моцным водарам і рэзкім гаркаватым смакам, хутка крышталізуецца крупчастым асадкам. Пылок з дзьмухаўца пчолы носяць аранжавага колеру.

Калі пачынае квітнець

Дзіўна, але факт: дзьмухавец пачынае квітнець не паводле календара, а па тэрміне пацяплення. Гэта значыць, пры спрыяльных цёплых умовах (як сёлетняя вясна), ён можа распускацца ўжо пад канец сакавіка і працягваць выкідваць кветкі да самага верасня. Найбольш актыўна наведваюць яго пчолы падчас масавага квітнення, у траўні — чэрвені, збіраючы пылок і нектар. Завіваюцца у кветак залачоныя кучарашкі, а пчолы іх расчэсваць, прыхарошваюць.

дзьмухавец

Дзе расце

Дзьмухавец — расліна з дзіўна шырокім арэалам распаўсюджвання. Сустрэць гэтую сонечную кветку можна ўсюды. Лёгка прыстасоўваецца да самых разнастайных умоў, устойлівы да вытоптвання і паядання жывёламі. Нярэдка ўтварае дывановыя зараснікі па лугах, садах, газонах і ўздоўж дарог. А у Францыі гэтую расліну вырошчваюць на гародах і выкарыстоўваюць у ежу для падрыхтоўкі вясновай салаты.

Дзьмухавец досыць добры вясновы меданос

Мёдапрадуктыўнасць дзьмухаўца досыць высокая. Пры спрыяльных умовах дае ад 10 да 50 кг мёду з 1 га. У перыяд масавага квітнення гэтай расліны прынос пчоламі нектару для майскага мёду і пылку часам дасягае 2 кг на дзень на адну моцную пчаліную сям’ю.

Каштоўны для пчол і людзей

Помнік дзьмухаўцуКвітнеючы дзьмухавец забяспечвае пчол пылком, багатым бялком і амінакіслотамі. Добры пылканос. Збор з гэтай расліны мае важнае значэнне вясной для папаўнення свежых запасаў пяргі, а таксама стымулявання развіцця пчаліных сем’яў.
Некаторыя лічаць дзьмухавец пустазеллем… Самі вы пустазелле. У народнай медыцыне беларусаў гэтая расліна здавён лічыцца «элексірам жыцця». У інтэрнэце поўна рэцэптаў. Пагугліце. Ужываюць корань, сок, лісце і жоўтыя маладыя кветкі.

Дзьмухавец, ці адуванчык — у Беларусі людзі называюць таксама дмухелем, багаткай, малачаем, зубнікам, папаўкай і нават жоўтым цыкорыем.

Неверагодна цікавая кветка, якую мы топчам кожны дзень, а яна расце насуперак усяму, каб радаваць пчол.