Як вызначыць якасць мёду ў хатніх умовах?

Праверыць якасць мёду ў хатніх умовах, а таксама пры куплі ў краме ці на рынку, без выкарыстання дадатковых прэпаратаў, можна ведаючы ўласцівасці і асаблівасці мёду. Гэтым вы значна скароціце магчымасць набыцця падробкі.

У продажы часта сустракаецца фальсіфікаваны мёд, незалежна ад таго, дзе вы яго набылі — у супермаркеце, невялікай краме, або на мядовым кірмашы.

Не ўсе пчаляры ставяцца да сваёй справы з належнай адказнасцю. Часам яны проста гоняцца за аб’ёмамі і, адпаведна, за грашыма, а такія пытанні як якасць мёду і яго натуральнасць адыходзяць на другі план. У апошні час гандляроў мёдам стала больш, а натуральнага мёду на прылаўках — менш!

Адразу хачу адзначыць, што вызначыць на 100% якасць мёду і яго сапраўднасць можна толькі ў лабараторыі. З кожным годам «майстроў» падробак на наша няшчасце прыбавілася. Але ёсць нюансы на якія варта звяртаць увагу заўсёды.

•    Першае, на што варта звяртаць увагу пры ацэнцы якасці — гэта спеласць мёду. Які мёд можна назваць спелым і наогул чым вымяраецца гэтая спеласць? Пачну з таго, што пчолы мёд не збіраюць! Пчолы з раслін збіраюць нектар. Перш чым нектар ператворыцца ў мёд, пчолы правядуць вельмі сур’ёзную працу, выдаткуюць шмат сіл і часу. Калі жыхары вулля палічаць, што мёд гатовы, яны запячатваюць соты васковымі вечкамі. Гэта і ёсць сігнал для пчаляра — мёд можна выпампоўваць! Добрасумленны пчаляр не стане браць соты, якія запячатаны менш, чым на дзве траціны ад іх плошчы. А нядобрасумленныя адбіраюць рамкі ледзь пчолы паспеюць прынесці нектар.

   У сталым мёдзе менш вільгаці, што натуральным чынам ўплывае на кансістэнцыю. Спелы мёд густы. Для праверкі спеласці ў бытавых умовах можна выкарыстоўваць такі спосаб. Калі набраць мёду ў лыжку і павярнуць яе, то спелы мёд будзе намотвацца на лыжку і заставацца на ёй, а няспелы хутка сцячэ з лыжкі. Калі пачаць наліваць мёд з адной ёмістасці ў іншую, то бруя павінна быць бесперапыннай і пры запаўненні ёмістасці утворацца горка. Няспелы мёд горку ўтвараць не будзе.

якасць мёду

   Мёд вельмі добра ўбірае ў сябе вільгаць і ўсе пахі. Таму яго трэба трымаць у герметычнай тары. Але гэтая якасць дае магчымасць вызначыць якасць мёду.

Наліваем у мелкую тару трошкі мёду: талерачку ці невялікі сподачак. Кладзём у мёд кавалачак свежага мяккага хлеба і пакідаем гэта ўсё прыкладна на 1 гадзіну. Калі праз гадзіну выняты кавалачак хлеба ўзяўся скарыначкай — значыць мёд якасны, а калі намок — вам прадалі нядобры прадукт.

   З адной праблемы выцякае другая. Калі нядобрасумленны пчаляр выпампаваў няспелы мёд, то яму неабходна нейкім чынам схаваць свае «грахі» і павялічыць вязкасць мёду. У такім выпадку гора-пчаляр дадае прымешкі ў мёд: крухмал, муку, мел (!). Ёсць метад вызначэння наяўнасці прымешак. Каб вызначыць ці ёсць у мёдзе крухмал альбо мука, бяруць невялікую колькасць мёду і раствараюць у малой колькасці дыстыляванай вады. Затым бяруць звычайны ёд і дадаюць у раствор некалькі кропель. У выпадку, калі ёсць крухмал або мука — раствор засінее (то бок зробіцца сінім). Пры вызначэнні прымешкі мелу трэба дадаць у такі ж раствор мёду некалькі кропель воцатнай эсэнцыі. Пры наяўнасці мелу раствор зашыпіць з вылучэннем вуглякіслага газу. Во як!

   Яшчэ адзін немалаважны момант, калі вызначаеце якасць мёду, — крышталізацыя або цукраванне. Да крышталізацыі пакупнікі мёду ставяцца па-рознаму.

Але варта запомніць: крышталізацыя мёду — натуральны працэс.

Зацукраваны мёдГэта значыць, калі мёд у вас зацукраваўся, то гэта прыкмета яго добрай якасці. У зацукраваным натуральным мёдзе ўсе карысныя ўласцівасці захоўваюцца. Калі мёд награваюць перад фасоўкай альбо фальсіфікуюць мёд на аснове цукровага сіропу, то мёд застаецца вадкім. Нагрэты звыш 50 градусаў Цэльсія мёд шкодны для здароўя. А хто дасць гарантыю, што ён быў нагрэць менавіта да такой тэмпературы? Часцей за ўсё грэюць мёд для зручнасці фасоўкі. Яшчэ да адной прычыны награвання мёду можна аднесці жаданне пчаляра выдаць непраданы леташні мёд за свежы. Да гэтых нюансаў трэба вельмі ўважліва ставіцца пры куплі. Аднак, варта заўважыць, што існуюць гатункі мёду, якія доўга не крышталізуюцца, напрыклад мёд, сабраны з белай акацыі. Але ў пераважнай большасці выпадкаў да Раства ваш мёд павінен быць цвёрдым. Калі вы зімой ці вясной бачыце ў краме вадкі (не зацукраваны) мёд, ведайце – 100% нешта з ім не так. Лепш вазьміце зацукраваны слоік.

І самая галоўная парада. Мёд прадукт не танны, таму купляйце яго ў знаёмых, правераных пчаляроў!