А як там у іх? Кошт апылення сельскагаспадарчых культур у ЗША

Мінсельгас ЗША апублікаваў дадзеныя пра кошт апылення пладовых, ягадных, зернебабовых, кармавых і іншых культур з выкарыстаннем меданосных пчол у 2016 годзе.

Гэтыя дадзеныя былі сабраныя ў 7 рэгіёнах ЗША, у якіх праводзіўся федэральны сельскагаспадарчы перапіс:

Рэгіёны ЗША

Агульны кошт апылення сельскагаспадарчых культур у названых рэгіёнах ў 2016 годзе быў ацэнены ў 354,6 млн даляраў. У асобных рэгіёнах гэты паказчык выглядае наступным чынам:

Рэгіён Кошт апылення
(млн даляраў)
Змены ў 2016 годзе ў параўнанні з 2015 годам
1 18,50 -2%
2 5,12 -2%
3 4,71 -13%
4 2,57 +30%
5 14,70 +7%
6 і 7 309,00 +1%

кошт апылення

Кошт апылення асноўных культур у рэгіёнах склаў вось такія вось лічбы:
Рэгіён Асноўная культура Сярэдні кошт арэнды адной пчалінай сям’і (даляры) Сярэдні кошт арэнды пчол для апылення 1 акра = 0,4 га
(даляры)
Кошт апылення гэтай культуры
(млн даляраў)
1 чарніцы 88,20 147,00 5,73
2 чарніцы 53,70 81,80 1,77
3 кавуны 58,70 59,50 1,82
4 дыні 80,30 26,70 0,20
5 яблыні 51,50 47,60 5,41
6 і 7 міндаль 167,00 287,00 280,58

Для апылення міндаля ў рэгіёнах 6 і 7 (штаты Каліфорнія, Арызона і Гаваі) ў 2016 годзе было прыцягнута 1,68 млн пчаліных сем’яў з розных рэгіёнаў ЗША. Адкуль бярэцца столькі пчол? Адзначым, што сярэдні камерцыйны пчаляр у ЗША мае 2000 пчаліных сем’яў. У Беларусі, дарэчы, пчаляроў-тысячнікаў няма ўвогуле (самая вялікая пасека налічвае ўсяго нейкія 700 вулляў).

Але вернемся да лічбаў. Як вы можаце заўважыць, кошт апылення, напрыклад, яблыняў у тры разы ніжэй за кошт апылення міндалю. Чарніцы, кавуны і дыні таксама значна танней апыляць. Гэтая розніца ў кошце тлумачыцца тым, што на апыленні «таннай групы» меданосаў пчаляры адначасова атрымліваюць мёд, продаж якога забяспечвае ім частку даходаў.

кошт апылення

Чаму так дорага?

Пры апыленні міндаля ў Каліфорніі даходы пчаляроў складваюцца інакш. У гэтым выпадку пчаляры не атрымліваюць мёд, паколькі міндаль адносіцца да групы «слабых меданосаў». Тыя пчаляры, якія ўмудраюцца атрымліваць мёд з міндаля, маюць цяжкасці з яго збытам, так як ён не карыстаецца попытам з-за характэрнага горкага прысмаку.

Каліфорнія настолькі крутая, што забяспечвае 82% попыту на міндаль ва ўсім свеце.

Для апылення міндаля ў гэты штат завозіцца велізарная колькасць пчаліных сем’яў з іншых рэгіёнаў, і нектару на ўсіх у гэты перыяд не хапае. У сувязі з гэтым многія пчаляры вымушаныя карміць пчол цукровым сіропам, што вядзе да павелічэння накладных расходаў. Сюды ўваходзяць і выдаткі на лячэнне пчол ад паразітаў, плюс дададзім транспартныя выдаткі на паліва (возяць пчол машынамі – самі яны ў Каліфорнію не лётаюць).

кошт апылення

Адзначым, што стабільны рост коштаў на мёд у ЗША, як правіла, прыводзіць да росту платы за арэнду пчол, паколькі пчаляры ў такія перыяды імкнуцца зарабляць на вытворчасці мёду ў бліжэйшых рэгіёнах, каб не траўміраваць сваіх пчолак стрэсамі пры далёкіх перавозках.

***

А як выглядае сітуацыя з платай за апыленне ў Беларусі? А ніяк. Няма такога ўвогуле. Праца пчолак нашым аграрыям дастаецца бясплатна (то-бок на халяву).