Які самы лепшы меданос Беларусі? Знаёмімся з лепшай дзясяткай

Меданос — расліна, якую наведваюць пчолы для збору нектару. У вуллях сабраны нектар перапрацоўваецца ў мёд.  Зараз мы хуценька прабяжымся па лепшай, з пукту гледжання мёдапрадуктыўнасці кг/га, дзясятцы меданосаў, якія распаўсюджаныя ў Беларусі.

Ліпа: мёдапрадуктыўнасць: 500-1000 кг/га

ліпа меданос

Дрэвы вышынёй да 20-30 метраў. Ліпа — вельмі прадуктыўны меданос. Адна кветка вылучае ад 3 да 12 мг нектару. У пераліку на гектар суцэльных насаджэнняў ліпа вылучае да 500-1000 кг мёду на гектар. Квітнець ліпа пачынае ў пачатку ліпеня, працягласць квітнення – каля двух тыдняў. Ліпа буйналістая (Tilia platyphyllos)  пачынае квітнець на 7-15 дзён раней драбналістай (Tilia cordata). Гэта неверагодна, але працягласць жыцця ліпы 300-400 гадоў, нектар пачынае вылучаць ва ўзросце 20-25 гадоў, найвышэйшая мёдапрадуктыўнасць бывае ва ўзросце 70-100 гадоў.
Мёд празрысты, слаба-жоўтага ці зялёнага колеру. Звычайна пчолы наведваюць кветкі ліпы раніцай і перад вечарам.

Сіняк, мёдапрадуктыўнасць: 800-850 кг/га

сіняк меданос

Сіняк на адным месцы расце 5-6 гадоў. Ён не патрабавальны да тыпу глеб, размнажаецца самасевам. Мёдапрадуктыўнасць сіняка дасягае 800-850 кг/га. Сіняк вылучаецца сярод іншых меданосаў добрым вылучэнне нектару пры любым надвор’і, а таксама працягласцю квітнення (каля 25-35 дзён).

Белая акацыя, мёдапрадуктыўнасць: 300-800 кг/га

белая акацыя меданос

Дрэва вышынёй да 10-12 м. Квітнее звычайна ў ліпені. І гэтае квітненне доўжыцца да 10 дзён. Мёдапрадуктыўнасць вельмі высокая, у сярэднім з гектара — 300-800 кг мёду на гектар. Мёд белай акацыі лічыцца адным з лепшых. Вельмі шкада, што гэты цудоўны меданос Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі занесла ў чорны спіс раслін… Вельмі шкада.

Фацэлія, мёдапрадуктыўнасць: 200-700 кг/га

фацэлія меданос

Фацэлія – вельмі добры меданос. Пчолы наведваюць гэтую расліну на працягу ўсяго дня для збору нектару і пылку. Мёд у сотах доўга не крышталізуецца, таму прыдатны для зімоўкі пчол. Водар мёду з фацэліі проста неверагодна прыемны! мёдапрадуктыўнасць фацэліі дасягае па розных крыніцах 200-700 кг/га.

Люцэрна, мёдапрадуктыўнасць: 270-300 кг/га

люцэрна меданос

Люцэрна пасяўная (Medigana sativa L.). Шматгадовая кармавая культура сямейства бабовых. Кветка ліловага або фіялетавага колеру. Час квітнення: чэрвень -ліпень.

Гарчыца чорная, мёдапрадуктыўнасць:: 260 кг/га

чорная гарчыца меданос

Гарчыца чорная адрозніваецца добрымі меданоснымі ўласцівасцямі, пераўзыходзячы белую і сарэпцкую гарчыцы.

Грэчка, мёдапрадуктыўнасць: 160-220 кг/га

грэчка меданос

Грэчка адносіцца да ліку найважнейшых меданосных раслін. Мёдапрадуктыўнасць грэчкі залежыць ад гатунку і вагаецца ад 160 кг/га да 220 кг/ га.

Баркун (Melilotus), мёдапрадуктыўнасць: 120-250 кг/га

баркун меданос

Баркун белы — травяністая двухгадовае расліна. Мёд — вышэйшай якасці з прыемным водарам, мае белы або крэмавы колер. Квітнее летам больш за месяц. Мёдапрадуктыўнасць у сярэднім складае 120-250 кг/га. За час квітнення баркуну моцныя сем’і назапашваюць 20-45 кг светлага мёду які лічыцца адным з лепшых для падкормкі пчол зімой.

Канюшына белая паўзучая, мёдапрадуктыўнасць: да 100 кг/га

канюшына меданос

Шматгадовая пашавая расліна, косячы якую, Ясь любіць паглядаць на дзяўчыну. Масавае квітненне працягваецца больш як за месяц, адзінкавае — амаль усё лета. Канюшына белая добры меданос на вільготных суглінкавых глебах. Мёдапрадуктыўнасць  — каля 100 кг з гектара. Пры сухім і сырым халодным надвор’і расліны нектар не вылучаюць.

Рапс, мёдапрадуктыўнасць: 30-60 кг/га

рапс меданос

Двухгадовая алейная расліна. Квітнее ў траўні. Для нармальнага збору нектару і добрага апылення на гектары варта размяшчаць 4 сям’і пчол. У залежнасці ад умоў рапс вылучае 30-60 кг мёду на гектар.

Пасляслоўе: так які ж меданос самы лепшы?

Гледзячы на мёдапрадуктыўнасць кг/га у вас можа скласціся памылковае ўражанне, што самым лепшым меданосам з’яўляецца ліпа. Я таксама так думаў, калі вывозіў тры гады запар сваіх пчол да бабулі ў вёску, дзе поўна старых высокіх ліп. Аднак як паказала практыка, мёду з іх пчоламі не збіралася ўвогуле. Усё, спадарства, залежыць ад умоў надвор’я і глебы, на якіх растуць гэтыя самыя меданосы (дрэва або расліны).

Так ужо сталася, што асабіста для мяне лепшым меданосам у мінулым годзе стаў васілёк (валошка), з якога пчолы ўсё лета насілі нектар, перапрацоўваючы яго ў смачны духмяны мёд.

Мне здаецца, што больш карысным было б разглядаць пытанне каштоўнасці меданосаў з пункту гледжання пастаянства вылучэння нектару, а не з колькасці яго вылучэння пры ідэальных тэмпературных умовах.