Мядовы Спас: перапляценне народных і хрысціянскіх традыцый

Мядовы Спас (Макавей, Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас) — хрысціянскае свята з язычніцкімі каранямі. У гэты дзень пчаляры адвіроўваюць апошні мёд. Людзі з букетамі з духмяных траў, кветак і макавых галовак адпраўляюцца ў царкву, каб асвяціць мёд і зробленыя абярэгі, якія будуць абараняць хату ад паскуддзя, а людзей — ад хвароб цэлы год.

Калі і як святкуюць Мядовы Спас

Па новым календары святкаванне Мядовага Спаса прыпадае на 14 жніўня. У апошні месяц лета людзі адзначаюць тры Спасы:Спасы манета

  • Мядовы (14 Жніўня);
  • Яблычны (19 Жніўня);
  • Арэхавы (29 Жніўня).

Макавея (іншая назва Мядовага Спаса) святкуюць першым. Гэты дзень — пачатак Успенскага посту, што доўжыцца да 29 жніўня (апошняга Спаса). У гэтае свята абавязкова адвіроўвалі мёд і асвячалі яго ў царкве.

Пчаляр і Мядовы Спас

На Макавея пачыналі праводзіць першыя кірмашы і ўрачыстасці, прымеркаваныя да збору ўраджаю і пчалярства. У гэты дзень збіралі не толькі мёд, але і саспелыя ягады. Іх выкарыстоўвалі для прыгатавання пірагоў, духмяных напояў і нарыхтовак на зіму (кампотаў і варэння).

На свята гаспадыні накрываюць багаты стол. Абавязкова робяць выпечку з макам і мёдам. Гэта могуць быць:

  • мядовыя коржыкі;
  • пірагі з ягадамі;
  • бліны з макам;
  • рулеты з макава-мядовым начыннем;
  • мядовае пячэнне і гэтак далей.

рулет з макава-мядовым начыннем

бліны з макам і мёдам

бліны з мёдам

Так як пачынаецца пост, на стол не падаюць мясных і рыбных страў, а для выпечкі абавязкова выкарыстоўваюць нішчымнае цеста. Але ад гэтага салодкія прысмакі ніяк не пакутуюць, бо іх шчодра абмешваюць мёдам або варэннем. А вось яблыкі, грушы і іншую садавіну нельга есці да Яблычнага Спаса (19 жніўня).

У Беларусі самай папулярнай стравай на Макавея раней былі бліны з макам і мёдам.

Гаспадыні расціралі мак, дадаючы да яго мёд. Прыгатаваныя бліны трэба макаць ў так званае макавае малачко і атрымліваць асалоду ад дзіўнага смаку. Гатавалася макавае малачко ў адмысловым посудзе пад назвай макацёр (ва украінцаў вядомае як «макітра», а на маскоўшчыне як «макальник»). Лічыцца, што пры расціранні маку ў макацёры ён захоўвае водар лепш, чым пры перамолванні. 

макацёр

Трошкі гісторыі: чаму Спас называецца Спас

На думку адных людзей, назва свята — Спас звязана са Збаўцам (Спасіцелем, калі на трасянцы), а іншыя сцвярджаюць, што паходжанне назвы сыходзіць у язычніцкія часы, калі з’явілася традыцыя дапамагаць удовам і жабракам, ратуючы іх ад голаду і холаду.

Яшчэ ў дахрысціянскія часы ў гэты дзень жанчыны рабілі дзіўныя букеты з траў і кветак, што служылі абярэгамі ад бед і хвароб. З’яўленне хрысціянства ніяк не паўплывала на традыцыю, хіба што цяпер духмяныя букеты асвячаюць разам з вадой і мёдам у царкве. І сёння людзі з такімі букетамі адпраўляюцца ў царкву на Мядовы Спас.

Зараз кветкі прадаюцца на кожным вуглу, а вось раней лічылася, што жанчына ці дзяўчына павінна самастойна збіраць абярэг. Так яна ўкладвае ў яго станоўчыя думкі, дабрыню і ласку. У старажытныя часы букет складаўся з 17 траў. Цяпер яго склад крыху змяніўся, але абавязкова ў ім павінны прысутнічаць: мята; каласкі аўса; каліна; календула; рута; галоўкі маку; палын; мацярдушка.

абярэг

Кожная расліна мае сваё значэнне. Рута і календула аберагаюць ад хвароб, каласкі з’яўляюцца сімвалам багатага ўраджаю, а каліна — дзявочай красы. Мята спрыяе міру і ўзаемаразуменню ў сям’і.

Асвячоны абярэг неабходна павесіць каля ўваходу ў дом або паставіць на бачным месцы, і тады ён будзе берагчы ўсіх членаў сям’і ад хвароб і адводзіць розныя беды. Макавыя галоўкі супакойваюць нервовую сістэму і паляпшаюць сон. Іх кладуць пад падушку або ставяць у падгалоўе ложка маленькім дзецям або дарослым, што пакутуюць бессанню. Макавае насенне таксама раскладваюць па кутах хаты, каб выгнаць з яе нячыстую сілу. Абярэг захоўвае сваю сілу на працягу цэлага году.

Другую назву Мядовага Спаса — Макавея звязваюць з павагай памяці пакутнікаў братоў Маккавеяў і іх маці Саламеі, што не адмовіліся ад сваёй веры. Ну вядома, што людзі трохі перайначылі ўсё і прыплялі да свята мак. :) Затое як прыгожа атрымалася!

Мядовы Спас: традыцыі свята

Мядовы Спас — свята мёду. Ведаючы, калі Мядовы Спас, да яго рыхтаваліся не толькі гаспадыні, але і пчаляры. У гэты дзень адвіроўвалі мёд, паколькі лічыцца, што пасля 14 жніўня пчолы даюць «няправільны» мёд. Гэты дзень — пачатак кірмашоў мёду і ўраджаю.

пчаляр

На Першы Спас раней пчаляры абавязкова адкрывалі соты з мёдам, а пасля адпраўляліся ў царкву. Духмяны і салодкі прадукт пчалярства абавязкова асвячалі ў царкве. Пчаляры частку мёду пакідалі ў храме для вернікаў, а таксама частавалі ім дзяцей і жабракоў, якіх сустракалі.

Пчаляр, пчолы, мёд

мёд у царкве

У даўнія часы на Мядовы Спас дапамагалі жабракам і ўдовам. Ім аказвалі дапамогу ў нарыхтоўцы дроў на зіму, зборы ўраджаю і гэтак далей. Вернікі лічаць, што на Макавея жанчынам выбачаюцца ўсе грахі. А, як вядома, грахі ёсць у кожнага, таму прадстаўніцы прыгожага полу ў гэты дзень адпраўляюцца ў царкву і моляць Бога аб прабачэнні.

Мядовы Спас — дзіўнае свята, у якім цесна перапляліся хрысціянскія і народныя звычаі. І хоць з часам святкаванне значна змянілася, многія традыцыі захаваліся і па сённяшні дзень.

Векавая народная мудрасць — гэта вопыт нашых продкаў, які яны асцярожна збіралі і перадавалі ад пакалення да пакалення. Гэтыя веды бясцэнны. Іх трэба шанаваць і хоць часам прыслухоўвацца да голасу стагоддзяў.