Пчала ў геральдыцы беларускіх месцаў

Пчала сустракаецца на больш чым трохстах гербах па ўсяму свету і нясе розны сэнс, напрыклад, працавітасць і пакорлівасць. Яна таксама можа азначаць, што ўладальнік герба адносіцца да пчаляроў, ці што ў дадзенай мясцовасці развітае пчалярства. Уменне забяспечыць сытную зіму для ўсяго вулля, хоць мёд можна сабраць толькі падчас квітнення раслін, – гэта годна толькі захаплення. І пчолы сталі сімвалізаваць таксама эканомію і беражлівасць. У такім значэнні пчала і прысутнічае на шыльдах некаторых банкаў. Непазбежнымі пчолы апынуліся і для беларускай геральдыкі.

Пчала на гербах трох беларускіх месцаў

 

пчолы на гербе мястэчка ЧэрвеньГерб горада Чэрвень (да 1923 году Ігумен) – райцэнтр Менскай вобласці: у блакітным полі французскага шчыта срэбны кветкавы куст, над якім пяць залатых пчол. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 18 красавiка 2001 г. № 59.

Горад Ігумен (цяпер Чэрвень) аднайменнага павета Менскай губерні атрымаў свой герб указам Кацярыны II 22 студзеня 1796 г.

пчолы на гербе мястэчка ІгуменУ тлумачэнні да герба, дараванага імператрыцай, маецца тлумачэнне: «Сей предмет (золотые пчёлы, «собирающие и готовящие мёд») обитателей уезда, преимущественно пред другими упражняет и главной составляет их прибыток».

Гэтае тлумачэнне адлюстроўвала рэальны стан. У гаспадарах шляхты і сялян Ігуменскага павета пчалярства было вельмі прыбытковай галіной вытворчасці. Пуд мёду каштаваў на рынках ад трох да пяці рублёў, воск прадаваўся па 20-23 рублі. Для параўнання адзначым, кошт збожжа ў той час вагаўся ад 50 капеек да аднаго рубля. Па колькасці вулляў павет займаў у Менскай губерні трэцяе месца пасля Бабруйскага і Мазырскага.

І сёння шматвяковыя традыцыі жыхароў краю працягваюцца. Дастаткова сказаць, што ў Смілавіцкім сельскагаспадарчым і Беларускім завочным сельскагаспадарчым тэхнікумах рыхтуюць пчаляроў-прафесіяналаў. Многія жыхары і гаспадаркі раёна спецыялізуюцца на развядзенні пчол. Тут склалася асаблівае стаўленне да гэтых казурак – клопат і павага. Спецыялісты сцвярджаюць: для таго каб сабраць кілаграм мёду, пчолы павінны «апрацаваць» не менш за пяць мільёнаў розных раслін, пераадольваючы адлегласць ад Зямлі да Месяца. І нават славуты ў легендах арол не можа параўнацца з імі. Там, дзе жывуць пчолы, можна казаць аб экалагічна чыстай мясцовасці.

***

Герб мястэчка ВідзыГерб мястэчка Відзы (Браслаўскі раён, Віцебская вобласць).

Галоўная фігура, размешчаная ў гербавым полі, – пчала – сімвал працавітасці і старання, адыгрывае вельмі вялікую ролю. У заходняй сімволіцы пчалу называюць «птушачкай Марыі», або «божай птушачкай», і яна лічыцца сімвалам душы. У ачалавечаных параўнаннях пчолы паўстаюць храбрымі, цнатлівымі, стараннымі, чыстымі, адоранымі адчуваннем прыгожага, якія жывуць у згодзе з дзяржаўным ладам.

Цяперашні герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60.

Расейскі герб мястэчка ВідзыПершапачаткова Герб распрацаваны паміж 1858-1861 гг. расейскімі спецыялістамі Гербавага аддзялення пры канцылярыі Дэпартамента Геральдыкі. Пасаду кіраўніка ў гэты час займаў барон Б.В. Кёне, які прыступіў да перагляду па губернях ўсіх малюнкаў гарадскіх гербаў. Адначасова паўстала пытанне аб мэтазгоднасці прысваення гербаў ўсім без выключэння гарадам Расейскай імперыі.

Відзы ў сярэдзіне XIX ст. – пазаштатны горад Ковенскай губерні, цэнтр воласці. Размяшчэнне на паштовым тракце Дзвінск – Вільня спрыяла хуткаму развіццю горада. Тры разы на год у горадзе праводзіліся кірмашы. Тым не менш афіцыйна герб горада Відзы зацверджаны не быў.

Упершыню праект гарадскога герба быў апублікаваны ў кнізе А. Цітова «Геральдыка беларускіх месцаў».

Не гледзячы на тое, што праект герба мястэчка Відзы ствараўся ў пазамінулым стагоддзі, пчала ў сучасным варыянце герба выглядае гэтак жа, як у праекце мастакоў Расейскай геральдыцы XIX ст.

***

Пчала на гербе горада КлімавічыГерб горада Клімавічы (Магілёўская вобласць): у блакітным полі французскага шчыта намаляваная залатая пчала.

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 2 лiстапада 2001 г. № 70.

У пісьмовых крыніцах Клімавічы ўпершыню згадваюцца з XIV ст. ў адным з дакументаў, звязаных са шляхецкім родам Асмалоўскіх. З пачатку XVII ст. горад уяўляў невялічкі населены пункт у Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1626 г. тут быў заснаваны дамініканскі кляштар. З 1720 г. Клімавічы належалі Бялецкім, з 1758 г. — Галынскім.

Пчала на гербе 1781 горада КлімавічыПасля першага падзелу Рэчы Паспалітай суседнімі акупантамі Клімавічы ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі. З 1777 года горад Клімавічы стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні. Герб быў распрацаваны ў Расейскай Геральдыі і зацверджаны Кацярынай II 16 жніўня 1781 г. Пчала на гербе Клімавічаў выяўлена не проста так. Ва ўказе імператрыцы да Клімавіцкага гербу даецца абгрунтаванне: «… у знак багацця мёдам».

Сам па сабе сімвал пчалы мае глыбокае значэнне. Толькі нешматлікія жывёлы адыгрываюць у сімволіцы такую вялікую ролю, як гэтая казурка, якая стварае цэлыя супольнасці. У старажытнасці пчала шанавалася як на Усходзе, так і на Захадзе.

***

На жаль гэтыя тры гербы нададзеныя беларускім месцам толькі ў час панавання Расейскай імперыі, і я не знайшоў нейкага ўпамінання з выявамі пчол у геральдыцы гарадоў ці мястэчак Вялікага Княства Літоўскага. Нават няма і намёка на выявы пчол у родавых гербах беларускай шляхты. Хаця ў час росквіту ВКЛ пчалярства адыгрывала велізарную ролю ў эканоміцы княства. Калі ў вас ёсць нейкія звесткі пра гэта, калі ласка, падзяліцеся падрабязнасцямі.

Ешце мёд і бывайце здаровы!