Пчаляр ратуе свет без шуму і мабільніка

Пчаляр — спецыяліст, ад якога залежыць існаванне чалавецтва (прабачце за нясціпласць).

Эйнштэйн калісьці сказаў, што калі на Зямлі знікнуць пчолы, людзі вымруць ад голаду праз чатыры гады. Бо знікнуць шматлікія расліны – амаль 80% з іх апыляюць меданосныя і дзікія пчолы.

Пчолы і пчаляр

І масавае выміранне пчол у апошнія гады ўжо прызнана глабальнай праблемай ААН. Аднак ёсць ужо месцы на Зямлі, дзе людзі займаюцца апыленнем раслін самастойна. А навукоўцы працуюць над стварэннем пчол-робатаў.

Пакуль дакладна не высветлены прычыны вымірання пчол. Што гэта – пестыцыды, электрамагнітнае выпраменьванне, кліматычныя змены, забруджванне асяроддзя, вірус?…

Але, у прыватнасці, даследчыкі выявілі, што пчолы адмаўляюцца ляцець у вуллі, калі побач знаходзяцца мабільныя тэлефоны.

Так што пчаляр часцяком адмаўляецца ад сучасных навінак электронікі і дзейнічае па-старому – толькі ручная і механічная праца. Пчолы наогул не любяць шум і мітусню.

Пчаляр можа працаваць на стацыянарнай пасецы ці на перасоўнай. Гэта называецца качавое пчалярства. Калі паблізу жылля пчаляра няма меданосных лугоў і садоў, пчол вывозяць туды, дзе яны могуць збіраць нектар.

Пчаляр грузіць вуллі на грузавік

Асабліва папулярна качавое пчалярства ў ЗША і Канадзе. Звычайна гэта два-тры пераезды падчас квітнення розных відаў раслін. І гэта досыць затратны спосаб, бо выдаткоўваюцца сродкі на бензін, тэхніку, пражыванне па-за домам.

Акрамя таго, пчалярам даводзіцца дамаўляцца, да прыкладу, з лясніцтвамі, або фермерамі. Ва ўсім свеце за працу па апыленню палёў пчалярам плацяць аграрыі. А ў Беларусі наадварот – добра, калі гэта робіцца бясплатна, але часам ад аграрыя чуецца патрабаванне, што пчаляр павінен заплаціць, каб стаць з пчоламі на палях.

Пчаляр у Беларусі — ці прыбытковая гэта справа?

Пачатковы пчаляр павінен разумець, што ачмурэнных грошай на гэтай справе не заробіш. У Беларусі нават няма пчаляроў-тысячнікаў, хаця для нашых суседзяў гэта не такая ўжо і рэдкасць.

Пчаляр з пчоламіАдна сярэднестатыстычная пчаліная сям’я можа даць ад 20 да 60 кг мёду за год. У неспрыяльныя гады менш, у добрыя — больш. Прадуктыўнасць залежыць яшчэ і ад колькасці меданосаў вакол участка, ад метаду ўтрымання пчол і іншых фактараў. Ды і цэны на мёд бываюць розныя.

Аднак мёд — гэта самы танны прадукт пчалярства.

Усяго гэтых прадуктаў 10 (мёд, праполіс, кветкавы пылок, пярга, матачнае малачко, пчаліны расплод, пчаліны яд, воск, хітын, васковая моль). Можна яшчэ прадаваць пчаліныя сем’і і матак, вадзіць эка-экскурсіі з дэгустацыяй (медавухі :) ), праводзіць платныя кансультацыі для пачаткоўцаў пчаляроў.

Асноўныя выдаткі пчаляра – на бензін, матэрыялы для вырабу новых вулляў і рамак, закупку пчол і матак, вашчыны, лекаў, цукру (для цукровага сіропу пчолам на зіму)… Кожны год карысна выпісваць новых чыстапародных пчол, таму што старыя змешваюцца з мясцовымі і становяцца менш прадуктыўнымі і больш злымі.

Каб атрымаць веды па гэтай працы ў Беларусі, можна скончыць адмысловы Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Але большасць пчаляроў вучацца ўсім на пасецы, распытваючы бывалых, чытаючы кнігі, гледзячы Інтэрнэт і спасцігаючы ўсё на ўласным вопыце.

Пчаляр — прафесія старажытная

Са старажытных часоў, калі чалавек упершыню выпадкова паспрабаваў мёд дзікіх пчол, пачала фармавацца новая спецыяльнасць. За шматлікія стагоддзі пчалярства прайшло некалькі этапаў у сваім развіцці, мяняліся промыслы, мяняліся навыкі і сістэма тэрмінаў. Як толькі не называлі тых, хто працаваў з пчоламі: паляўнічы за дзікім мёдам, бортнік, зямец, пасечнік і, нарэшце, сучасная прафесія – пчаляр.

БортніцтваТысячы гадоў гэтыя катэгорыі спецыялістаў па працы з пчоламі перадавалі свае веды і вопыт з пакалення ў пакаленне, тым самым адточвалі прафесію пчаляра, якую заслужана можна аднесці да адной з шаноўных прафесій.

Першапачаткова нашыя продкі шукалі дупла, у якіх сяліліся пчолы, падымаліся па дрэве і стараліся дастаць мёд. Як чалавек дадумаўся да гэтага — загадка. Магчыма назіраў за мядзведзем, аматарам паласавацца мёдам. Не дарма ж кажуць, што слова мядзведзь утварылася ад словазлучэння — «Ведаючы мёд». Так ці інакш, але сувязь чалавек-пчолы стала непарыўнай. Прайшло шмат гадоў і цяпер пчалярства, як навука і рамяство зведала змены, стала больш даступным. Зараз не трэба шукаць гняздо пчол у дупле дрэва, людзі навучыліся «трымаць» і даглядаць за пчоламі, атрымліваючы ад іх мёд, проста ў сябе на участках.

Пчаляр, пчолы, дымакур

Зараз гэта не «дзедаўскі» промысел, а спецыяльнасць, якая абапіраецца на дасягненні навукі і шматгадовага вопыту. Пчаляр не толькі разводзіць пчол і збірае мёд, ён таксама займаецца вывучэннем пчол, даследуе іх жыццё ў розных праявах, у штучных і натуральных умовах утрымання. Гэта не проста прафесія — гэта прызванне. Прычым, колькі б чалавек не навучаўся, якіх бы «акадэмій» не праходзіў, калі ён не любіць пчол, у яго нічога не атрымаецца. Ды і прымусіць працаваць з пчоламі нікога нельга.

Поспех у пчалярстве гарантаваны тым, хто ў справу ўкладвае душу. Нягледзячы на цяжкасці, пчаляр, павінен жыць усведамленнем сваёй карыснасці і неабходнасці.

Пчалярства — прафесія не толькі цікавая, але і карысная для чалавека

Працуючы з пчоламі, пчаляр паступова назапашвае столькі карыснага для свайго арганізму, што паляпшае сваё здароўе і падаўжае сабе тэрмін жыцця.

Так што, доўгажыхары сярод пчаляроў — з’ява звычайная, але не зусім вытлумачальная.

Можна толькі выказаць здагадку, чаму адбываюцца такія станоўчыя вынікі.

Па-першае, гэта спакой, якім валодаюць людзі, якія працуюць з пчоламі. Бо мітусня і стрэсы скарачаюць жыццё чалавеку, а спакой і мернасць – наадварот. Пчолы кусаюць мітуслівых і нервовых, таму спакой – адно з абавязковых прафесійных якасцяў характару пчаляра. Пчаліны яд таксама, безумоўна, аказвае карыснае дзеянне, а таксама мёд падтрымлівае арганізм. Дзейнічаюць усе гэтыя фактары разам.

Пчала ляціць з пылком

Калі б пчолы не давалі ні мёду, ні воску, ні пчалінага яду і тады мела б сэнс іх разводзіць. Бо, паласатыя працаўніцы апыляюць сельскагаспадарчыя культуры, рэзка павялічваючы іх ўраджайнасць. А гэта важная і вялікая справа.

Пчаляр – прафесія сапраўды вельмі цікавая.

Арганізацыя і жыццё пчалінай сям’і – адна з найдзіўнейшых з’яў прыроды, яшчэ канчаткова не вывучаная.

За пчоламі заўсёды цікава назіраць, іх паводзіны не заўсёды прадказальныя, а таму загадкавыя.

Пчаляр Пятро

Асабіста для мяне пчалярства прыносіць велізарнае задавальненне, стаўлюся да яго, як да хобі. Яно дапамагае прывесці ў парадак думкі і здабыць душэўны спакой.