Расці нельга рубіць: белая акацыя (Рабінія псеўдаакацыя)

Мяне, як пчаляра, вельмі непакоіць пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 28 кастрычніка 2016 года № 35, у якую ўнесены змены ў пералік раслін, забароненых да інтрадукцыі і (або) акліматызацыі на тэрыторыі Беларусі. У гэтым спісе ёсць некаторыя папулярныя меданосныя расліны.

Зараз пералік забароненых Міністэрствам прыроды раслін выглядае вось так:

Назва расліны

На лацінскай мове На беларускай мове
Heracleum sosnowskyi Maxim Баршчэўнiк Сасноўскага
Heracleum mantegazzianum Somm. et Levier Баршчэўнiк Мантэгацы
Solidago сanadensis L. Сумнік канадскі
Solidago gigantean Ait. Сумнiк гiганцкi
Acer negundo L. Клён ясенелiсты
Cannabis sativa L. Каноплi пасяўныя
Papaver somniferum L. Мак cнатворны
Robinia pseudoacacia I. Рабiнiя псеўдаакацыя (гэта і ёсць белая акацыя)
Echinocystis lobata (Michx.) Torr. et Gray Эхiнацысцiс лопасцевы

 

Каб усім было зразумелым слова «інтрадукцыя», патлумачу – гэта значыць наўмыснае ці выпадковае перасяленне раслін за межы натуральнага арэала ў новыя для іх месцы пражывання. То бок інтрадукцыя з’яўляецца працэсам ўвядзення ў экасістэму чужых ёй відаў.

А вось працэс асваення інтрадуцыраванага віду на новым месцы (адаптацыі да новых экалагічных умоў) завецца акліматызацыяй.

Дык вось, калі забаронена інтрадукцыя нейкіх раслін – то забаронена і іх вырошчванне (то бок існаванне).

Белая акацыя (Рабінія псеўдаакацыя)

Чаму Рабiнiя псеўдаакацыя патрапіла ў няміласць

Вельмі ўзрушыў і збянтэжыў мяне факт таго, што ў чорны спіс раслін быў занесены каштоўны меданос, якім з’яўляецца Рабінія псеўдаакацыевая, або Рабінія псеўдаакацыя, або Рабінія звычайная (лац. Robínia pseudoacácia) – хуткарослае лесаўтваральнае засухаўстойлівае дрэва, від роду Рабінія (Robinia) сямейства Бабовыя (Fabaceae). Не гледзячы на тое, што батанікі вызначаюць дрэва як псеўдаакацыю, у народзе мы ведаем яго менавіта пад назвай «белая акацыя». Дарэчы, акацыевы мёд вельмі якасны і смачны.

Каб даведацца пра падрабязнасці ўсяго гэтага дзейства, мною быў накіраваны запыт ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя наступнага зместу:

Прашу растлумачыць на якой падставе ў Пастанову №35 ад 28.10.2016 Міністэрства прыроды Рэспублікі Беларусь  была занесеная расліна Рабінія псеўдаакацыя (Robinia pseudoacacia I.)?
Гэтую расліну выкарыстоўваюць для ўмацавання пяскоў, схілаў яраў і адхонаў чыгуначнага палатна. Яна  ідэальная для ветраахоўных палос, а таксама з’яўляецца выдатным меданосам.
А таксама прашу растлумачыць, ці вынікае з вышэй згаданай Пастановы, што Рабiнiя псеўдаакацыя (Robinia pseudoacacia I.) будзе высякацца і знішчацца на тэрыторыі Беларусі?
Дзякуй за своечасовы адказ.

Праз адведзены заканадаўствам тэрмін на паштовую скрынку прыйшоў гэты самы своечасовы адказ за подпісам міністра:

ліст ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

ліст ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзяВысновы рабіце самі. Але ці справядліва трапіў гэты шыкоўны і такі патрэбны меданос у няміласць да Акадэміі навук і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя? Неяк у мяне склалася дваякае пачуццё. Гэта ж усё ж такі не нейкі баршчэўнік ці сумнік! То бок белую акацыю неўзлюбілі менавіта за тое, за што раней палюбілі — магутную каранёвую сістэму і хуткі рост. Ад любові да ненавісці адзін крок. А вы як лічыце, пчалярскае спадарства? М?