Рапсавы мёд: неадназначныя меркаванні пчаляра

Рапсавы мёд атрымліваюць з нектару, які пчолы збіраюць з жоўтых кветак аднагадовай травяністай расліны сямейства крыжакветных. Як дзікая расліна рапс не сустракаецца. Як пустазелле, у здзічэлым стане, сустракаецца ў многіх краінах Паўночнай Афрыкі, Амерыкі, Азіі і Еўропы. У культуры расліна была вядомая за некалькі тысячагоддзяў да нашай эры. Мяркуюць, што рапс атрымаўся ў выніку скрыжавання агароднай капусты і свірэпіцы. У Беларусі рапс – гэта нязбытная надзея аўтамабілістаў на таннае дызельнае паліва і слёзы пчаляроў.

Як выглядае рапсавы мёд

Вельмі светлы, жаўтлява-белы густы мёд. Смак прыкра-салодкі, трохі з гарчынкай. Рапсавы мёд кепска раствараецца ў вадзе, вельмі хутка цукруецца і мае ўласцівасць закісаць.  Таму захоўваць яго трэба з асцярожнасцю: у халаднаватым месцы, дзе доступ паветра і святла абмежаваны.

Рапсавы мёд

У Беларусі гэты гатунак мёду недастаткова распаўсюджаны, а вось у Еўропе запоўніў прылаўкі супермаркетаў у розных відах і з рознымі назвамі. Маркетолагі зрабілі сваю справу: “вясновы”, “майскі”, нават “піянерскі” — гэты мёд стаў абавязковым кампанентам лячэбных складнікаў у Нямеччыне.  У Польшчы рапсавы мёд — практычна традыцыйны сродак для лячэння хвароб сэрца.  Эксперты тлумачаць гэтакае становішча рэчаў пагоняй за хуткім прыбыткам і адсутнасцю дастатковай колькасці дзікарослых раслін для паўнавартаснага медазбору.

Маё асабістае меркаванне, што немцы і палякі нам далёка не прыклад па якасці прадуктаў пчалярства. Так, у селекцыі пчол яны дасягнулі значных поспехаў, але не ў якасці мёду. Вось што сказаў адзін пчаляр з амаль паўвекавым вопытам: “Як кураня не можа вучыць курыцу, так і Захад не можа вучыць славян мастацтву пчалярства. Стагоддзямі славяне пастаўлялі мёд і воск для Захаду. Пчалярства і лазні ўзялі яны ў нас! А мы часта пераймаем ад заходніх суседзяў дрэннае (рапсавы мёд замест майскага)”.

Дык чаму рапсавы мёд трапіў у няласку?

Ён зусім не мае водару. І смак проста салодкі і ўсё, няма ніякай фішкі, проста салодкая паста. Часам ён пачынае крышталізавацца і закісаць(!) яшчэ ў сотах! І выпампаваць яго адтуль ужо практычна немагчыма. Пчолы такі мёд есці не могуць. Калі так здарыцца, што пчаліная сям’я назапасіцца на зіму рапсавым мёдам, выратаваць яе ад немінучай гібелі ў халодную пару года ўжо не атрымаецца.

мёртвыя пчолыРапсавы мёд патрабуе ад пчаляра пільнасці. Нельга дапусціць затрымкі з яго адпампоўкай. Затрымаўся з адпампоўкай — усё, мёд з сотаў і відэльцам не выкалупаеш.

Няправільныя тэрміны апрацоўкі пасеваў рапсу хімікатамі і не папярэджванне пчаляроў пра гэта могуць практычна знішчыць пасеку.

Не рэдкія хітрыкі прадаўцоў з падменай паняццяў «майскі мёд» і рапсавы мёд. Як правіла спрабуюць даражэй прадаць рапсавы мёд, выдаючы яго за «майскі». Вось жа ж хітрыя жопы!

Але не ўсё так дрэнна

У якасці меданоса рапс не горш за любую іншую кветку. А тэрміны квітнення (пачынаецца яно пасля актыўнага квітнення пладовых дрэваў) запаўняюць паўзу ў квітненні меданосаў нашага рэгіёну, што дазваляе пчаляру пазбегнуць шматлікіх праблем з развіццём сем’яў. Пчолы на рапсе выдатна развіваюцца і сем’і добра набіраюць моц. Гэта вялікі плюс! Але! Схільнасць да хуткай крышталізацыі рапсавага мёду не дазваляе пакінуць яго ў сотах — потым не выпампуеш і на зіму пчолам таксама не заставіш.

Дык якія вывады?

У любым выпадку рапсавы мёд — гэта нектар перапрацаваны пчоламі як і ўсе іншыя віды мёду. Мёд хутка крышталізуецца — дрэнна для пчол, для чалавека ўсё-роўна. Аднак назапашвацца ім шмат як для пчаляра так і для аматараў паласавацца не варта, бо ёсць праблемы з захоўваннем гэтага прадукту. Але гэты факт ніяк не падстава для сумневаў у натуральнасці і карыснасці рапсавага мёду.

Бывайце здаровы!