Робапчолы – рэальнасць ці казка? Унікальная вынаходка інжынераў

Папуляцыя пчол штогод скарачаецца, прымушаючы навукоўцаў, пчаляроў і звычайных людзей сур’ёзна асцерагацца непрыемных наступстваў, з якімі чалавецтва можа сутыкнуцца ў тым выпадку, калі карысныя насякомыя канчаткова знікнуць. Таму даследчыкі пачалі шукаць магчымыя шляхі вырашэння гэтай праблемы. Робапчолы (робаты-пчолы) – адзін з варыянтаў, прапанаваны даследчыкамі з політэхнічнага універсітэта Варшавы. Гэтыя робаты здольныя самастойна апыляць расліны.

Робапчолы

Робапчолы

Вось такі цікавы артыкул быў знойдзены на партале Digital Trends. Не ведаю, праўда гэта, ці казка. Але ў любым выпадку – ідэя даволі смелая і арыгінальная.

Робапчолы

Хочацца зазначыць, што, напрыклад, у Кітаі існуе вялікая праблема з апыленнем фруктовых дрэў у некаторых раёнах краіны. Праз бяздумнае ўжыванне хімікатаў былі знішчаны ўсе насякомыя на вельмі вялікіх тэрыторыях, і людзям даводзіцца апыляць расліны ўручную!

Першае пакаленне робапчол палякі стварылі ўжо пару гадоў таму. Тады прылады не ўмелі лётаць і маглі апыляць расліны, толькі перасоўваючыся на колах. Але прагрэс не стаіць на месцы, і цяпер польскія інжынеры сапраўды змаглі стварыць нешта падобнае на сапраўдных насякомых.

Робапчолы

Абноўленая версія робапчалы ўяўляе сабою невялікі беспілотны робат з пэндзлікам, адмыслова распрацаваны для апылення раслін. Працуе ён аўтаномна, амаль не патрабуючы ўдзелу чалавека. Аператару дастаткова толькі пазначыць зону, якую неабходна апыліць – далей робат сам разбярэцца. B-Droids (так называюцца беспілотнікі) пакуль знаходзяцца на ранняй стадыі распрацоўкі, але спецыялісты, якія займаюцца іх стварэннем, сцвярджаюць, што ўжо праз год-паўтара яны прадставяць цалкам рабочую версію прылады.

Кіруюцца дройды з дапамогай кампутара, а арыентуюцца ў прасторы дзякуючы камеры – так яны могуць убачыць кветкі, якія трэба апыляць. Робапчолы проста лётаюць ад адной кветкі да другой, пакуль не апыляць усе расліны ў зададзеным квадраце.

Усё б нічога, але гэтыя робаты (пакуль) хутка «стамляюцца» — аднаго зарада акумулятара хапае ўсяго на некалькі хвілін палёту, паведамляе Digital Trends. Але ж навукоўцы працуюць над гэтай праблемай, каб «пчолы» лёталі аўтаномна без падзарадкі некалькі гадзін.

Ці трэба пчалярам баяцца, што робапчолы пачнуць рабіць мёд?

Вядома, што не! Вытворчасць мёду пчоламі – гэта ўнікальны біялагічны працэс, які пачынаецца ад здабычы нектару з кветак, і заканчваецца ўнікальнымі хімічнымі рэакцыямі ў самім вуллю. Робапчолы проста не здольныя паўтарыць усё гэта. Нават, калі навукоўцы і пачнуць рухацца ў такім накірунку, то відавочна эканамічную немэтазгоднасць выдаткаў энергіі на здабычу па некалькіх міліграмаў нектару з кожнай кветкі.

А вось амерыканскім пчалярам варта асцерагацца робапчол. Справа ў тым, што прамысловае пчалярства ў ЗША існуе і зарабляе выключна на апыленні садоў пчоламі. А мёд – гэта ўсяго толькі пабочны прадукт у амерыканскім пчалярстве. Гучыць неверагодна, але як склалася так склалася. І калі сапраўды артыкул на Digital Trends не з’яўляецца фантазіяй журналістаў, то польскія робапчолы ў стане кардынальна змяніць сусветнае прамысловае пчалярства. Запасаемся пoпкорнам і сочым.

Робапчолы