Рой пчол, ці чаму працавічкі шукаюць новае жытло

Напэўна кожны бачыў ці на малюнку ці ў жывую рой пчол, які прысей на галінцы дрэва альбо ў іншым утульным месцы.  Прычыну гэтак складанай з’явы ў жыцці пчалінай сям’і, якой з’яўляецца раенне, можна разглядаць з некалькіх пунктаў гледжання.

З агульна-біялагічнага погляду — гэта спосаб размнажэння і рассялення пчалінай сям’і. У гэтым выпадку пчаліная сям’я як біялагічны арганізм у нармальных для яго ўмовах абавязкова павінна размножвацца, то бок раіцца. Пчаліная сям’я дзеліцца на дзве часткі і рой вылятае са старога жытла шукаць новую хатку. Так пчолы рабілі мільёны гадоў і робяць зараз.

Рой пчолАднак мае месца і меркаванне, што раенне — важны, але зусім не абавязковы этап развіцця пчол. Нямала ёсць сем’яў, якія пры спрыяльных умовах жылля і медазбору, гадамі даюць шмат прадукцыі i не раяцца.

Рой пчол не вылятае раптоўна

Перш чым выйсці роем, раявыя пчолы, часам досыць доўгі час назапашваюцца ў сям’і, належным чынам рыхтуюцца да раення. З гэтага пункту гледжання асноўнай прычынай раення з’яўляецца нарошчванне ў сям’і вялікай колькасці маладых пчол-карміцелек, якія не заняты ці не цалкам занятыя кармленнем расплоду, паколькі апошняга на пэўным этапе развіцця сям’і менш, чым маладыя пчолы могуць выкарміць. У выніку гэтага ў такіх пчол назапашваецца шмат рэзервовых рэчываў (бялкоў, тлушчаў), якія пасля выхаду з сям’і, аддзялення і жыхарства яго ў новым месцы мэтазгодна трацяцца на будаўніцтва жылля, лётную дзейнасць ці гадаванне расплоду ў новым гняздзе.

Аднак назіранні паказваюць, што гэта прычына, не адзіная, бо з аднолькавых па сіле, колькасці адкладзеных маткай яек, наяўнасцю маладых пчол-карміцелек і колькасцю адкрытага расплоду некаторыя сем’і рыхтуюцца да раення, а некаторыя  знаходзяцца ў працоўным стане.

Рой вылятае не толькі з прычыны інстынкту размнажэння. Раенне таксама з’яўляецца ахоўнай рэакцыяй на перагрэў гнязда. Гэта апошні сродак выжыць ва ўмовах блізкіх да «цеплавой смерці».

Вось чаму падчас добрага медазбору падрыхтоўка пчол да раення спыняецца, таму што павялічваецца выпарэнне вады з нектару. У гнёздах становіцца больш халодна.

Вядома, што ёсць сем’і, а то і цэлыя пароды больш ці менш і менш схільныя да раення.

Гэта звязана з рознай здольнасцю збіраць нектар: у прадуктыўных сем’ях, дзе яго больш, вады выпараецца таксама больш, у выніку яго ў вуллі будзе заўсёды халадней.

Перадавыя пчаляры здаўна летам выкарыстоўваюць метады, якія прадухіляюць перагрэў гнёздаў і гэтым значна павышаюць медазбор.

Калі рой пчол для пчаляра за шчасце

Калі пчолы знаходзіліся ў калодах і чалавек не мог умешвацца ў жыццё пчалінай сям’і, раенне было дабром. У тыя далёкія часы лічылася, што калі раяцца пчолы, то будзе і мёд.

Меданосныя пчолы, гістарычна адаптаваныя да пэўнай мясцовасці, з’яўляюцца вельмі добрымі сіноптыкамі. Рой выходзіць толькі ў тым выпадку, калі ён шчэ можа да зімы сабраць неабходную колькасць харчу. Не раяцца слабыя і хворыя сем’і.

З першых дзён пасля з’яўлення рамачнага вулля ў чалавека ўзнікла жаданне адвучыць пчол ад раення. Ужо хутка два стагоддзі, як тысячы навукоўцаў працуюць над гэтай праблемай, але раенне працягваецца.

У пчол асноўны жыццёвы прынцып — гэта клопат пра нашчадства. Тая пчолка, якая нясе нектар у вулей, сама спажываць яго не будзе. Калі чалавек зможа адвучыць пчол ад раення, то ці будуць яны збіраць мёд і клапаціцца пра нашчадства? Можа парушыцца генетычны код (памяць), а за ім і код імуннай сістэмы — і пчаліныя сем’і спыняць сваё існаванне?

Мяркую, калі сям’я прыйшла ў раявы стан, то яе варта падзяліць або даць магчымасць, каб рой паляцеў, а потым пасадзіць яго ў новае (ці нават старое) жытло.

Рой пчол сажаюць у вулей

А не пчаляроў хацеў бы папрасіць, калі вы заўважылі, што недзе вісіць рой пчол, не бойцеся і не панікуйце. Лепш неадкладна паведаміце пра гэта знаёмаму пчаляру. Вас дакладна будзе чакаць салодкі пачастунак.