Пярга: што такое «пчаліны хлеб» і навошта ён трэба

Пярга пчаліная – гэта пылок (а дакладней абножка) сабраны пчоламі з меданосных і пылканосных раслін і складзены ў сотавыя каморкі. Ён ўтрамбаваны і заліты зверху мёдам, атрымліваецца свайго роду кансервацыя. Смак пяргі вельмі падобны на смак духмянага жытняга хлеба, адсюль і назва – «пчаліны хлеб».

Пчаліная пярга

Па вяртанні ў вулей пчала звешвае заднія ножкі ў пустую каморку і выштурхвае абножку сярэднімі ножкамі. А потым пачынае трамбаваць пылок у каморцы галавой. Зрабіўшы пылковую аладку, яна зноў вылятае за чарговай порцыяй пылку.

Пры апрацоўцы абножкі ў пяргу пад уплывам ферментаў пчол адбываюцца хімічныя змены: бялок становіцца больш засваяльным, павялічваецца ўтрыманне цукру і малочнай кіслаты.

Навошта пчолам пярга?

Каб карміць ёю сваіх лічынак. З пчаліных яек выводзяцца лічынкі, якіх тры дні кормяць малачком. З канца трэцяга дня пчолы-карміцелькі пачынаюць даваць новы корм – сумесь мёду і пяргі. Гэтым кормам лічынка сілкуецца да запячатвання каморкі.

Агульная гадавая патрэбнасць сям’і пчол у пярзе (якая выхоўвае за сезон 200 000 пчол) складае 17-26 кг, у залежнасці ад утрымання бялку ў пылку. Для выхавання адной лічынкі пчалы патрабуецца 145 мг пяргі, а сярэдняя патрэба адной пчалы ў пярзе за ўсё жыццё складае 85-125 мг. Лічыцца што адна сотавая рамка (занятая на 3/4 пяргой) дае корм на выхаванне 10 000 пчол (прыкладна 1 кг).

Больш за ўсё цэніцца пярга з разнатраўя, або паліфлорная – сабраная з розных лугавых і лясных раслін, сярод якіх ёсць і лекавыя. Яна можа быць і рознага колеру. Такая пярга атрымліваецца шляхам адначасовага прыносу у вулей пылку розных колераў (з розных раслін).

Пярга пчол

Пярга ж з сельскагаспадарчых культур (сланечнік, грэчка, рапс, баркун) можа ўтрымліваць шкодныя рэчывы, калі адбывалася апрацоўка палёў пестыцыдамі, ўгнаеннямі і іншымі рэчывамі. Таксама шкодныя рэчывы ў пылку ўтрымліваюцца, калі пасека знаходзіцца каля ажыўленай аўтамабільнай магістралі ці якога-небудзь прамысловага прадпрыемства.

Існуе некалькі спосабаў атрымання пчалінай пяргі

У хатніх умовах соты з пяргой змяшчаюць у халадзільнік, потым дробняць з дапамогай адмысловага міксеру адлучаючы воск. Пры гэтым частка карысных уласцівасцяў губляецца (аднак у вуллі зімой пярга таксама прамярзае), а атрыманая чыстая пярга (у выглядзе шасцігранных гранул) вельмі патрабавальная да ўмоў захоўвання.

Пчаліная пярга

Пчаліная пярга

Таму некаторыя пчаляры проста выразаюць пярговыя часткі сотаў і заліваюць іх мёдам, такія слоічкі ўжо і ідуць на продаж.

Пярга ў сотах

Пярга ў слоіках

Некаторыя пчаляры прамалываюць пярговыя выразкі на мясарубцы, а ў атрыманую пасту дадаюць мёд (30-50%) і атрымліваюць своеасаблівы прадукт – пярговую пасту. Але выглядае такая паста кашмарна!!

Пярга, мясарубка і мёд

Пярговая паста

Лячэбныя ўласцівасці пяргі

Пчаліную пяргу ўжываюць у лячэбных мэтах. Лічыцца, што лячэбныя ўласцівасці пяргі пераўзыходзяць лячэбныя ўласцівасці пылку (то бок абножкі). Хоць пярга і атрымліваецца з пылку, гэта розныя прадукты пчалярства.

У пярзе мноства карысных рэчываў, якія дабратворна ўплываюць на здароўе як пчол, так і чалавека. Так пры паглынанні пяргі ў арганізм чалавека паступаюць вітаміны: вітамін A які дазваляе пазбегнуць паслаблення зроку; вітамін D ўмацоўвае косці; вітамін E здымае апатыю і неўрозы; вітамін C забяспечвае абарону імуннай сістэмы; вітаміны групы B наладжваюць працу нервовай сістэмы, паляпшаюць апетыт.

Пярга змяшчае ў сабе: арахіданавую, лінолевую і ліналенавую кіслоты, якія ўдзельнічаюць у рэгуляванні дзейнасці мужчынскай рэпрадуктыўнай сістэмы. У пярзе прысутнічаюць амінакіслоты: аргінін стымулюе працу імуннай сістэмы і гармону росту чалавека. Глутамінавая кіслата неабходная для росту і нармальнага развіцця цягліц, спрыяе падтрыманню нармальнага кіслотна-шчолачнага балансу. Сярын ўдзельнічае ў метабалізме тлушчаў, выпрацоўцы антыцелаў. З тыразінам звязанае развіццё памяці і выпрацоўка адрэналіну. Лізін абараняе арганізм чалавека ад некаторых вірусаў.

Па амінакіслотнаму складу бялкі пяргі блізкія да бялку мяса і яек.

Амінакіслотны склад пылкавых зерняткаў розных пылканосных раслін неаднолькавы, як і колькасць бялку ў іх. Напрыклад, у пылку дзьмухаўца бялку — 14%, сланечніка і фацэліі — па 27%, дуба – ажно да 35%.

Як ўжываюць пяргу?

Пчаліная пярга ў лыжчы

Ужываць пяргу лепш за 15-30 хвілін да ежы. Пярга і мёд (калі гэта пярговыя выразкі) растануць ў роце, а воск можна пажаваць і выплюнуць. Пяршыць у горле? Запіце вадой або цёплай гарбатай. Высветлена, што пярга выдатна ўзаемадзейнічае са сліной чалавека і менавіта ў роце пачынаюцца асноўныя хімічныя рэакцыі па засваенню мікраэлементаў. Не рэкамендуецца ўжываць пчаліны хлеб перад сном з-за моцнага танізавальнага эфекту. Норма спажывання пяргі для чалавека – 10-30 грам на дзень, у залежнасці ад стану арганізма, узросту, хвароб.