Сумнік – добры меданос, але таксама ў чорным спісе Мінпрыроды

У чорным спісе Мінпрыроды акрамя Рабініі (белай акацыі) ёсць яшчэ адзін меданос – гэта сумнік (па-расейску золотарник).

Што мы ведаем пра гэтую расліну? Ды нічога. Нічога не ведае пра яе сярэднестатыстычны беларус. Аднак пчолы яе добра ведаюць, бо яна з’яўляецца добрым познім меданосам.

Сумнік на полі

Што нам кажа пра сумнік інтэрнэт?

Шматгадовая травяністая расліна; від роду Сумнік сямейства Астравыя. У адрозненні ад таго ж баршчэўніку, сумнік небяспекі для чалавека і жывёл не ўяўляе. А нават наадварот – выкарыстоўваецца ў якасці лекавай сыравіны. Прэпараты з травы сумніка канадскага валодаюць выяўленым гіпаазатэмічным і дыўрэтычным дзеяннем.

Сумнік канадскі ўваходзіць у склад комплексных прэпаратаў: Марэлін (Украіна), Фміалізін (Польшча), якія валодаюць спазлалітычным, дыўрэтычным і супрацьзапаленчым дзеяннем і выкарыстоўваюцца пры нырачнакаменнай і мачакаменнай хваробах, а таксама пры запаленчых захворваннях мачавыводзяшых шляхоў.

Вось мне цікава было б паслухаць меркаванне філолагаў, чаму гэтая расліна сумнікам завецца. Мне здаецца, гэтая народная назва пайшла ад таго, што гэтая кветка ў нас першапачаткова на могілках расла. На могілках сумуюць — вось і назва адсюль. А вы як лічыце?

У народнай медыцыне сумнік у сумесі з іншымі раслінамі выкарыстоўваюць пры адэноме прастаты і хранічным прастатыце.

Таксама выкарыстоўваецца як дэкор ў восеньскіх букетах. Гэта надзвычай прыгожая расліна з сотнямі маленькіх ярка-жоўтых кветачак.

Сумнік мае прыгожыя жоўтыя кветачкі

Да ўсяго вышэйзгаданага сумнік з’яўляецца цудоўным і каштоўным восеньскім меданосам. Пчолам – раздолле, ды яшчэ ў той час, калі нічога ўжо масава не квітнее (у жніўні і на верасень яшчэ застаецца). Мёд з сумніку прыдатны для зімоўкі пчол – што не малаважна. Мёдапрадуктыўнасць па адных крыніцах 100-150 кг з га, па іншых 300-400 кг з га, але мы та ведаем, што ўсё залежыць ад умоў надвор’я і гушчыні росту раслін. Пчолы на кветках сумніку збіраюць і пылок (жоўта-аранжавага колеру).

Сумнік дае пылок жоўта-аранжавага колеру

Дык чаму сумнік трапіў у няміласць?

Усё проста. Для сельскагаспадарчых угоддзяў ён з’яўляецца небяспечным пустазеллем, паколькі яго насенне разносяцца ветрам на вялікія адлегласці. Адзін парастак можа даць да 20 тысяч насення, усходжасць якіх складае 50-90%. Хуткасць распаўсюджвання канадскага сумніку складае дзясяткі гектараў за год. Прарастаючы і распаўсюджваючыся па лугах і палях сумнік абцяжарвае вырастанне сельскагаспадарчых раслін і кармавых траў, бо сам па сабе кармавой каштоўнасцю ён не валодае.

Сумнік

Карані сумніку выпрацоўваюць інгібітары — рэчывы, якія перашкаджаюць росту іншых раслін. Там, дзе ён пасяляецца, змяняюцца састаў і структура глебы, пагаршаецца аэрацыя, зямля становіцца цвёрдай, і ў выніку на гэтым месцы не здольныя прарасці многія мясцовыя каштоўныя расліны. Па гэтай прычыне сумнік лічыцца небяспечным для сельскай і лясной гаспадарак. На лугах і поймах, дзе пасяляецца гэты інвазіўны від, значна пагаршаецца якасць кармоў, якія нарыхтоўваюцца для сельскагаспадарчых жывёл. Змяняючы расліны свет, сумнік змяняе відавую разнастайнасць фаўны. Вось як.

Сумнік на полі

Што для пчаляроў добра – для іншых аграрыяў бяда. Аднак усё ж сумнік не такая злосная і бескарысная расліна, як баршчэўнік. І на мой погляд, пры выкананні пэўных умоў, яна мае права на існаванне ў Беларусі. Вось робяць жа палякі ды ўкраінцы лекі з сумніку! Чаму мы не можам? Ці не хочам? Было б добра замест таго, каб забараняць, Акадэмія навук прыдумала, як гэтую расліну эфектыўна выкарыстоўваць.