Пасека з нуля: як злавіць рой пчол у вабік

Лоўля «нічыйных» раёў у вабік — адзін з самых простых спосабаў па арганізацыі пасекі з нуля. Пчол у любой мясцовасці Беларусі бывае, як правіла, дастаткова. Адкуль раі бяруцца? З буйных і дробных пасек, гаспадары якіх прапусцілі раенне, а то і проста закінулі сваіх гадаванцаў.

Прылятаць раі могуць як ад суседзяў за некалькі кіламетраў, так і з вельмі вялікіх адлегласцяў. Такія далёкія раі называюцца «блукаючымі». Яны пралятаюць дзясяткі кіламетраў, потым садзяцца дзе-небудзь на дрэве і ўладкоўваюць днёўку, папаўняючы запасы мёду, каб затым ляцець далей … Гэтыя раі лічацца самымі каштоўнымі.

У сучасных умовах, калі старых дупляных дрэў практычна не засталося, знайсці ўтульнае жыллё для пчол бывае нялёгка. І гэта рэальная праблема для пчалінага роя, які апынуўся ў вольным пошуку. Калі рой не знойдзе добрага месца, то часцяком селіцца дзе папала! У закінутых будынках, пад стрэхамі хат, у паштовай скрыні і нават у металічных вёдрах. Ёсць прыклад, калі невялічкі рой пасяліўся ў старым валёнку. Шанцаў выжыць у такіх селішчах, як вы разумееце, не так ужо шмат…

Вабік для пчол уласнымі намаганнямі

ВабікБярэцца драўляная скрынка, можа быць і кардонная (але тады яе трэба добра заматаць у пакет, каб не намокала), калі няма выкарыстоўваюць іншыя матэрыялы. Затым трэба ў яе змясціць не менш за 6 рамак з вашчынай. Набываюцца рамкі і вашчына ў пчалярскіх крамах.  Добра паставіць у вабік пару рамак старых чорных сотаў (пчолы іх любяць). Калі вы навічок, і сотаў  няма, можна набыць у іншага пчаляра.

Сценкі вабіка націраюцца з дапамогай праполісу, асабліва тое месца, дзе знаходзіцца ляток. Можна нацерці галінкамі і лісцем мелісы. Рэкамендуюць карыстацца прапалісованым холсцікам  (можна раздабыць у іншага пчаляра). У пчалярскіх крамак прадаюцца адмысловыя «чароўныя холсцікі» для прываблівання пчол. Яны кладуцца паверх рамак. Робяцца гэтыя маніпуляцыі з націраннямі і холсцікамі, каб пчолы-разведчыцы заўважылі вашую скрынку.

ВабікВырабляючы вабік, абавязкова трэба памятаць пра тое, што вандроўны рой можа быць вялікага памеру, таму скрынка павінна адпавядаць яму. Калі не будзе хапаць месца, пчаліны рой не змесціцца ў вабік і паляціць далей.

Пасля таго як вабік гатовы і запраўлены «прывабай», яго трэба кудысьці усталяваць. Куды?  Кожны вопытны пчаляр робіць па-свойму. Хтосьці вешае на дрэвы ў лесе (чым вышэй, тым лепш), хтосьці на адзінокія дрэвы на ўскрайку палёў з меданоснымі раслінамі, хтосьці ў садах ці у гушчарах кустоў. Інтэрнэт кішыць спосабамі вырабу і ўстаноўкі вабікаў, і усе яны маюць права на існаванне. Не бойцеся і эксперыментуйце.

Вабік

Калі нарэшце пчолы паселяцца ў вабіку, іх трэба перавесці на пасеку і засяліць у вулей. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя :) Сачыце за навінамі.