Навошта пчолам вада і колькі яе трэба

Пчолам, як і ўсім жывым арганізмам, патрэбная вада – без яе аніяк. Спелы мёд, вядома, на 1/6 складаецца з вады, але гэтага ім не дастаткова. Перш найперш, вадой яны разрэджваюць мёд, пры падрыхтоўцы корму для лічынак. А па-другое, выкарыстоўваюць яе і для падтрымання аптымальнага мікраклімату ў вуллі.

Вада і пчала.

У дзікай прыродзе ў якасці знешняй крыніцы вады выступаюць натуральныя вадаёмы — рэчка, сажалка, ручай ці возера каля пчалінага гнязда. Вядома і тое, што пчолы раніцай збіраюць расу з травы. Вада таксама вельмі патрэбная ў спякотнае і сухое надвор’е, асабліва пры адсутнасці паблізу пчальнікоў адкрытых вадаёмаў.

Хаця і ёсць метраў 500 ад пасекі невялічкае возера, аднак усё-роўна забяспечыў сваіх (а заадно і суседскіх) пчолак штучнай крыніцай вады – адмысловымі паілкамі. Таму не прыйдзецца пчолкам далёка лётаць.

Многія пчаляры-аматары не надаюць гэтаму важнаму пытанню дастатковай увагі. Матывуючы гэта тым, што ў акрузе дастаткова вады і пчолы знойдуць яе для сябе самастойна, без нашай дапамогі. Так, гэта без сумневу так, калі гаворка ідзе толькі пра прэсную ваду.

Падсоленая вада пчолам

Акрамя прэснай вады пчолы шукаюць крыніцы і з салёнай. Што б там ні казалі прыхільнікі здаровага ладу жыцця і натурапаты-самавучкі пра карысць бессалявой дыеты, соль патрэбна не толькі нам, людзям, але і пчолам.

Пры яе адсутнасці яны наведваюць месцы каля прыбіральняў, кампостныя і гнойныя кучы. Яно вам трэба?? Гэта ж прыводзіць да забруджвання мёду рознымі мікраарганізмамі і да кішачных захворванняў пчол.
Таму пасекі лепш за ўсё абсталяваць двума відамі паілак для пчол. У адным з іх будзе чыстая вада, а ў другім — злёгку падсоленая. Але без фанатызму. Рэкамендаваная канцэнтрацыя солі ў вадзе павінна быць 0,01% (то бок усяго 1 грам солі на 10 літраў вады). Калі вада змяшчае больш за 0,5% паваранай солі, надыходзіць солевы таксікоз, які вядзе да хуткай гібелі пчол.

Цікава тое, што вясной падсоленую ваду пчолы спажываюць больш за прэсную.

Звычайна пры прахалодным надвор’і яны больш ахвотна бяруць ваду з цёплага боку паілкі, якая асвятляецца сонечнымі прамянямі.

Трохі матэматыкі: колькі вады трэба пчолам

Каб выкарміць адну тысячу лічынак трэба прыблізна 33 грама вады. Кармленне расплоду доўжыцца шэсць дзён, таму ў сярэднім на суткі для тысячы лічынак спатрэбіцца 5,5 грам вады. Калі кожны дзень матка ў сярэднім адкладае 1 200-1 600 яек, то, адпаведна, пчолы ў дзень будуць карміць па 7 200-9 600 лічынак, для якіх трэба да 40-50 грам вады (гэта на адну пчаліную сям’ю).

Вада для пчол

У некаторыя дні, напрыклад, пры сухім і спякотным надвор’і, пчоламі спажываецца да 200 грам вады за суткі на адну сям’ю.

Пры надыходу ўзятка (калі нешта актыўна квітнее), у перыяд прыносу пчоламі ў вулей з кветак вадкага нектару, адбываецца памяншэнне лёту пчолы за вадой, а пры вельмі інтэнсіўным узятку – спыняецца цалкам. Бо вады ў вуллі дастаткова ад вадкага нектару.

Для таго каб у вулей прынесці 50 грам вады, пчала павінна выканаць велізарную працу. За раз пчолка можа забраць прыблізна 40 міліграм вады, а для збору дзённай нормы вады патрэбна 1 250 нош. А ў тыя дні, калі пчолы бяруць да 200 грам вады, колькасць нош ўзрастае да 5 000 разоў.

Беражыце пчол – яны такія мілыя!