Чым так вярба каштоўная для пчол і для людзей

Вярба — сапраўднае выратаванне для пчол і чмялёў ранняй вясной, калі іншых крыніц нектару і пылку ў прыродзе яшчэ няма. Насякомых прыцягвае, з аднаго боку — духмяны нектар, а з другога — вялікая колькасць пылку, які густа аблеплівае кветкі ў перыяд квітнення.

На кустах вярбы замест нядаўніх белых пухнатых пампончыкаў распусціліся жоўтыя тычачкі. Кветак яшчэ мала, толькі асобныя першакветы. А пчолы ўжо вылецелі з вулляў, ім пара збіраць першы вясновы нектар і пылок, зімовыя запасы мёду заканчваюцца. Вось і ляцяць пчолкі да жаўтлявых кустоў на кветкі, падобныя да маленькіх куранят, збіраюць нектар, усё запэцкаюцца ў пылку, які таксама акуратна складаюць у адмысловыя кошыкі на задніх лапках.

Вярба пухнатая

Вярба квітнее
Чаму вярбовы (лазовы) мёд такі карысны і такі рэдкі

Калі ў ваколіцах вулля вялікія зараснікі вербалозу, то ў сотах будзе сабраны самы ранні, самы першы вясновы мёд – вярбовы (ці як яго яшчэ называюць – лазовы мёд). Гэты мёд валодае адмысловымі ўласцівасцямі. У кары вярбы ўтрымліваецца саліцылавая кіслата (ад лац. Salix — вярба), вытворнае якой вядома нам пад назвай аспірыну. Таму і вярбовы мёд валодае лячэбнымі ўласцівасцямі;
• гарачкапаніжальнымі;
• супрацьзапаленчымі;
• абязбольвальнымі.
Вярбовы мёд у продажы ў Беларусі сустракаецца вельмі рэдка. Добры пчаляр ніколі не адбярэ ў пчол ранневясновы і такі каштоўны для пчол прадукт. Ён заставіць яго ў вуллі, каб пчаліная сям’я набірала сілу да летняга самага галоўнага медазбору.  Але калі замуціць з самай вясны так званы “вулей-медавік”, то назбіраць таварнага вярбовага мёду трошкі можна.

Усяго вядома ажно больш як 600 відаў вярбы, распаўсюджаных ва ўмераных і халодных рэгіёнах Паўночнага паўшар’я. На Беларусі ў дзікай прыродзе вярба прадстаўленая 16-ці відамі. Найбольш пашыраны наступныя:
• вярба белая (Salix alba);
• вярба ломкая (Salix fragilis);
• вербалоз (Salix pentandra);
• жаўталоз (Salix purpurea);
• брэднік (Salix caprea);
• ракіта (Salix acutifolia).
Растуць на берагах рэк, каля сажалак, на забалочаных лугах. Квітнеюць у красавіку-траўні.

Вярба белая (Salix alba)
Вярба белая (Salix alba)
Брэднік (Salix caprea)
Брэднік (Salix caprea)

Амаль усе віды вярбы добра наведваюцца пчоламі. У гады з цёплай вясной прынос нектара ў вулей дасягае двух, а часам і больш кілаграмаў. Мёдапрадуктыўнасць верб даволі высокая – да 100  кг з гектара суцэльнага насаджэння. Вярба выдатны пылканос — акрамя нектару пчолы збіраюць з верб пылок.  Ён асабліва каштоўны для пчол ранняй вясной, што з’яўляецца неабходнай умовай для добрага развіцця пчаліных сем’яў.

Пчала на вярбе

Пчала на вярбе
Пчала на вярбе
Шматпакутная вярба: гэтае няшчаснае дрэва ўжо хутка пачнуць абломваць вернікі

На жаль, вярба, а разам з ёй і пчолы, якія сілкуюцца іх пылком і нектарам, па вясне моцна пакутуюць ад нашэсця людзей напярэдадні вялікага хрысціянскага свята — Вербнай нядзелі. Больш за ўсё галінак выломліваюць ў ваколіцах гарадоў і вёсак, дзе вербаў і так мала. Таму, калі ласка, рыхтуючыся да свята, не забывайце аб тым, што вярба — не проста ўпрыгожванне, гэта жывое дрэва, важная частка экасістэмы, якую трэба захоўваць. Ды і не ў самой вярбе жа сутнасць свята. Не набірайце занадта шмат галінак. Часам ад куста вярбы пасля чалавечай сквапнасці застаюцца толькі нікчэмныя пруткі. Пасекі моцна пакутуюць ад гэтага: у гнёздах у пчол і так пуста пасля зімы.

Асвячоную вярбу прынята захоўваць дома за абразамі ўвесь год. Але ж парачку неасвячоных галінак пасля заканчэння свята можна ўзяць з банкі з вадой і пасадзіць ў зямлю — яны выдатна ўкараняюцца! Хай вярба будзе заўсёды радаваць нас па вясне сваімі пухнатымі баранчыкамі!

Цікавостка: Ліцвінка з вербамі і дзве вёскі ў розных кутках Беларусі

Вярба (трансліт.: Viarba) — вёска ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вЛіцвінка з вербаміобласці. Уваходзіць у склад Міхееўскага сельсавета. Па стане на 2008 год налічвала ўсяго 6 чалавек насельніцтва. Таксама сельскі населены пункт Вярба (Агародніцкі сельсавет) існуе і ў Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці.

Ва Украіне такую ж назву маюць чатыры сялы.

А беларуска-польскі мастак Канут Русецкі ў 1847 годзе напісаў цудоўную карціну «Ліцвінка з вербамі». Дзяўчына з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. Падчас перадачы фондаў Беларускага музею ў Менск у 1950-я гады гэтая карціна засталася ў нашай Вільні.