Забрус пчаліны: прымяненне, карысныя ўласцівасці

Акрамя мёду, воску, праполісу і пылку існуе такі пчаліны прадукт як забрус, атрыманнем якога спецыяльна не займаюцца. Гэта пабочны прадукт (брушоўка ці пячатка мёду), які здабываецца пчалярамі ў працэсе віравання мёду. Дарэчы, вельмі блізкі да забрусу прадукт – сотавы мёд.

З’яўленне брушоўкі на рамках з’яўляецца прыкметай спеласці мёду. Лічыцца, што такі мёд ўжо можна віраваць.

Забрус

Чаму забрус пабочны прадукт?

Пчаліны мёд у сотах, як вядома, запячатаны васковымі вечкамі і каб яго атрымаць з каморак трэба выдаліць вечкі і пракруціць рамкі на адмысловай медагонцы (цэнтрыфузе). Атрымліваецца, што вечкі – як бы адходы, што не зусім так, дакладней зусім не так.

Па-першае, гэта воскасыравіна, якую можна (і трэба) ператапіць на воск, які, у сваю чаргу ідзе ў абмен на вашчыну ці на продаж (для мазяў, свечак і іншага).

Па-другое, пчаліны забрус — гэта паўнавартасны прадукт пчалярства, які складаецца адразу з воску, праполісу, пылку і сакрэтаў слінных залоз пчол. Да таго ж прадукт вельмі-вельмі карысны.

Віды забрусу

Забрус, як і пчаліны мёд, можа быць розным. Як па смаку, так і па вонкавым выглядзе. Смак пчалінага забрусу залежыць ад мёду. Калі зрэзалі вечкі з рамак з ліпавым мёдам, то смак будзе ліпавым, калі мёд у рамках грэчкавы, то смак забрусу таксама будзе грэчкавы і гэтак далей. Аднак, калі зрэзаныя вечкі «высушыць» (іх пракручваюць у медагонцы ў спецыяльнай сетцы), то смак мёду будзе не такі яркі.

Пры актыўным збіранні мёду пчолы больш актыўна вылучаюць воск, і брушоўка на сотах мае амаль белы або светла-жоўты колер. Калі ўзятка няма ці ён слабы, то пчолы могуць выкарыстоўваць стары воск, з-за чаго колер пячаткі будзе цёмным (бурым). Таксама на старых цёмных рамках колер адпаведны. Атрымліваецца, і пасля зразання вечкаў колер забрусу будзе альбо светлым, альбо цёмным. Цёмны забрус выглядае трохі непрыгожа і для продажу не вельмі пасуе, таму ў пчаляроў ён ідзе на ператопку.

Таксама існуюць такія паняцці як «сухая брушоўка» і «мокрая брушоўка». Гэта адны з прыкмет вызначэння пароды пчол: так, напрыклад, карпацкая і краінская пароды пчол практыкуюць «сухую» пячатку мёду, пры якой паміж мёдам і вечкам застаецца паветраная праслойка. Каўказская ж парода пчол практыкуе цёмную («мокрую») пячатку, пры якой вечкі шчыльна прылягаюць да мёду.

Сухая брушоўка

Мокрая брушоўка

Як выкарыстоўваюць забрус?

Шаравацца і абмазвацца ім зусім не трэба :-) , яго трэба проста жаваць (пажоўваць, разжоўваць), як жуйку. Спачатку, пры жаванні, забрус развальваецца на дробныя кавалачкі. Потым, калі ўвесь мёд рассасецца, пачынае ўтварацца агульная маса. Калі выпадкова праглынулі – нічога страшнага няма, хутчэй наадварот – для страўніка будзе карысна.

Варта ўлічваць такі момант: забрус можа «выдраць» зубныя пломбы, таму жуйце акуратна.

Вось пішу артыкул і забрусу пчалінага захацелася пажаваць, пайду-ка закінуся. :-) Ніжэй, на фотаздымках палова гарбатнай лыжкі з забрусам, а на другім фота – рэшта, скочаная ў шарык.

Забрус

Воск з забрусу

Вельмі карысны забрус пры прастудных захворваннях: насмарк, запаленне насаглоткі, дыхальных шляхоў, пры некаторых хваробах страўнікава-кішачнага тракту. Пэўнай рэцэптуры ва ўжыванні забрусу няма: хочаце жуйце кожныя 30 хвілін (1 гадзіну, 3 гадзіны), хочаце толькі па раніцах або кожны раз калі п’яце гарбату, або жуйце пакуль сківіца не стоміцца.

Рэкамендуецца жаваць забрус і для механічнай ачысткі зубоў (ад рэшткаў ежы, напрыклад), для ўмацавання дзёснаў і для паляпшэння слінавыдзялення.

Забрус у слоіку
Дзе і як захоўваць пчаліны забрус?

Звычайна да продажу рыхтуюць забрус з мёдам, то бок выразаныя вечкі заліваюць мёдам. Значыць, і захоўваць забрус трэба як мёд – у шчыльна закрытай тары (лепш шкляной), у цёмным месцы і пры пакаёвай тэмпературы.

Жуйце і бывайце здаровы.